2013-02-16 15:12:58

Канклаў можа пачацца раней прадугледжанага тэрміну


RealAudioMP3 Больш за 35 тыс. чалавек зарэгістраваліся для ўдзелу ў апошняй агульнай аўдыенцыі з Бэнэдыктам XVI, якая пройдзе 27 лютага на плошчы св. Пятра. Пра гэта паведаміў кс. Ламбардзі на брыфінгу, які прайшоў 16 лютага ў Зале Друку Апостальскай Сталіцы. Ён расказаў, што ў Кастэль-Гандольфа Бэнэдыкт XVI будзе прабываць з 28 лютага да канца красавіка - пачатку мая 2013 г. Гэта звязана з неабходнасцю закончыць рамонт і ўпарадкаваць кляштар “Mater Ecclesia” у Ватыкане, дзе будзе жыць Святы Айцец. Што тычыцца перыяду “sede vacante”, то паводле кіраўніка Залы Друку, камерленг і яго супрацоўнікі ўжо пачалі рыхтавацца да гэтага часу. У бліжэйшыя дні, яшчэ да заканчэння пантыфікату, будзе дадзена першая падрабязная інфармацыя. Кс. Ламбардзі адзначыў, што для пачатку канклава прадугледжаны пэўны перыяд чакання. Аднак, у сувязі з тым, што ўсе кардыналы ведаюць аб даце заканчэння пантыфікату Бэнэдыкта XVI, магчыма, яны змогуць прыбыць у Рым раней. У такім выпадку “няма сэнсу чакаць” вытрымліваючы час да пачатку канклава, калі ўсе яго ўдзельнікі будуць у Вечным горадзе. Паводле кс. Ламбардзі, такое меркаванне выказалі некаторыя кардыналы.

Адказваючы на пытанне журналістаў, чаму Папа застаецца ў Ватыкане і не едзе ў Баварыю, езуіт адзначыў, што для гэтага існуюць “зразумелыя прычыны лагістычнага і арганізацыйнага характару”. Акрамя таго, ён падкрэсліў, што знаходжанне Папы ў Ватыкане мае носіць вялікае рэлігійнае значэнне.

Кс. Ламбардзі паведаміў таксама, што Пітэр Зеевальд, аўтар некалькіх кніг-інтэрвью з Бэнэдыктам XVI, плануе напісаць біяграфію Пантыфіка. У мінулым годзе паміж імі адбылося некалькі размоў, матэрыялы якіх і лягуць у аснову новай кнігі.








All the contents on this site are copyrighted ©.