Еўрапейская прэса пра духоўны запавет Бэнэдыкта XVI
Вялікую ўвагу ва ўсім
свеце прыцягнула прамова Бэнэдыкта XVI да святароў Рымскай дыяцэзіі, з якімі Папа
сустрэўся ў Ватыкане 14 лютага. Пантыфік даў “ключ для разумення” будучыні Касцёла
і рашэнняў ІІ Ватыканскага Сабору. Спантаннае выступленне Святога Айца перапынялася
працяглымі апладысментамі. Яно стала “духоўным запаветам Бэнэдыкта XVI”, як падкрэсліваюць
італьянскія СМІ, а таксама своеасаблівым развітаннем: “Я заўсёды буду з вамі, і разам
мы пойдзем наперад з Панам, з упэўненасцю. Пан пераможа!”, - сказаў на заканчэнне
Пантыфік.
Прамова Святога Айца была вельмі асабістай, Папа ўзгадаў, якім чынам
ён патрапіў на ІІ Ватыканскі Сабор. Кардынал Ёзэф Фрынгс прапанаваў яму ў 1961 г.
стварыць канцэпцыю даклада для канферэнцыі ў Генуі на тэму “Будучы Сабор і сучасны
свет”. Кардыналу спадабаліся смелыя ідэі маладога Ратцынгера, і ён выкарыстаў іх падчас
свайго дакладу. Бэнэдыкт XVI прызнаўся, што неўзабаве пасля гэтага папа Ян XXIII паклікаў
кардынала Фрынгса да сябе. Апошні “быў поўны страху” з-за таго, што сказаў “нешта
не так” у Генуі. Але тагачасны Пантыфік прамовіў: “Дзякую Вам, Ваша Эмінэнцыя, Вы
сказалі дакладна тое, што я хацеў сказаць, але не знайшоў слоў для гэтага”. Сітуацыя
паўплывала на тое, што кардынал Фрынгс запрасіў кс. Ратцынгера суправаджаць яго ў
Рыме на ІІ Ватыканскім Саборы, на якім з канца 1962 г. апошні быў афіцыйна прызначаны
кансультантам. “Мы”, прызнаўся Бэнэдыкт XVI рымскаму духавенству, “у той час ехалі
на Сабор з энтузіязмам”.
Італьянскія газеты адзначаюць, што прамова сыходзячага
Пантыфіка адкрыла новыя, невядомыя дагэтуль, акалічнасці гісторыі Касцёла, якія напэўна
дапамогуць глыбей зразумець кантэкст, у якім склікаўся і адбываўся ІІ Ватыканскі Сабор.