2013-02-15 11:39:41

Ватыкан: першы ў гісторыі турыстычны даведнік


RealAudioMP3 14 лютага ў Ватыканскіх музеях адбылася прэзентацыя першага ў гісторыі турыстычнага даведніка па Ватыкану. Гаворка ідзе пра падрабязнае апісанне тэрыторыі, на якой сканцэнтравана самая вялікая ў свеце колькасць культурных аб’ектаў: палацаў, садоў, помнікаў. Аб кожным з іх распавядае асобны аўтар – спецыяліст у той ці іншай галіне мастацтва, архітэктуры ці гісторыі ланшафтаў. Даведнік, аб’ёмам амаль ў 500 старонкак, напоўнены старажытнымі і сучаснымі выявамі, дакладнымі апісаннямі і інфармацыяй аб магчымасці наведвання аб’ектаў у ім прадстаўленых. Пакуль выданне існуе на 6 мовах, а ў будучыні плануецца стварэнне яго электроннай версіі. Дырэктар Ватыканскага выдавецтва кс. Джузэппэ Коста адзначыў, што даведнік з’яўляецца вынікам увагі Бэнэдыкта XVI да культуры. “Святы Айцец заўсёды падкрэсліваў важнасць прыгажосці і мастацтва, таму што яны набліжаюць да Бога”, - сказаў святар.

Аб адной з частак даведніка, прысвечанай Ватыканскім садам, расказала ў інтэрв’ю нашаму радыё яе аўтар Альберта Кампітэлі. Яна звярнула ўвагу на тое, што Ватыкан будаваўся паступова і кожны Пантыфік імкнуўся пакінуць пасля сябе асаблівы след. Гэта тычыцца таксама і Ватыканскіх садоў.

“Сады займаюць не маленькую частку, але палову дзяржавы: 22 га, якія вельмі змяняліся на працягу тысячагоддзя. Разглядаючы гісторыю садоў, можна разглядаць гісторыю Касцёла, гісторыю розных Папаў, які змянялі адно аднаго на пасадзе св. Пятра. Сады былі ў блізкай сувязі з будынкамі, і такім чынам заўсёды былі іх дапаўненнем і ўпрыгожваннем”, - сказала Альберта Кампітэлі.

Даследчыца падкрэсліла, што некаторыя сады не захаваліся да сённяшняга дня, бо на іх месцы былі ўзведзены розныя пабудовы, аднак з дапамогай даведніка яшчэ можна ўбачыць іх амаль незаўважныя сляды.








All the contents on this site are copyrighted ©.