2013-02-14 15:16:30

“Sede vacante” – час без Папы


RealAudioMP3 Будучы канклаў, паводле Кананічнага права Каталіцкага Касцёла, павінен пачацца пасля 15 сакавіка. Перыяд паміж сыходам або смерцю папярэдняга Папы і абраннем новага касцёльнае заканадаўства акрэслівае, як “sede vacante”. Менавіта гэты час выклікае найбольш пытанняў і асцярог – як “час без Папы”. На самой справе Кананічнае права дакладна рэгулюе кампетэнцыі паасобных інстытутаў Апостальскай Сталіцы. Так, бягучыя справы, звязаныя з дзейнасцю Касцёла, даручаны ў гэты перыяд Калегіі кардыналаў. Аднак, яна не можа займацца справамі, якія ляжаць у выключнай кампетэнцыі Святога Айца, а таксама выступаць з новымі заканадаўчымі ініцыятывамі. Падчас “sede vacante” спыняюць дзейнасць усе дыкастэрыі Рымскай Курыі, уключна з Дзяржсакратарыятам. Аднак, сваю дзейнасць працягвае камерленг, апостальскі пенітэнцыярый, арцыпрэзбітэр базылікі св. Пятра, генеральны вікарый для Дзяржавы Ватыкан, сакратары дыкастэрый, якія займаюцца звычайнай дзейнасцю Касцёла, субстытут Дзяржсакратарыяту, сакратар па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі, нунцыі і вялікі элемазінарый Яго Святасці.

Падчас “sede vacante” праходзяць агульныя кангрэгацыі пад кіраўніцтвам дэкана Калегіі кардыналаў. Падчас першай з іх кожны кардынал атрымае копію Апостальскай кантытуцыі “Universi Dominici Gregis”, якая ўстанаўлівае правілы дзейнасці Касцёла падчас “sede vacante”. Там між іншым гаворыцца аб абавязку кожнага пурпурата трымаць у таямніцы інфармацыю адносна выбару новага Пантыфіка. Падчас першага пасяджэння агульнай кангрэгацыі яе ўдзельнікі прымуць рашэнне аб скасаванні “Пярсцёнка Рыбака” Бэнэдыкта ХVI, забеспячэнні папскіх апартаментаў спецыяльнымі пячаткамі і даце пачатку канклаву.








All the contents on this site are copyrighted ©.