2013-02-14 15:20:06

Бэнэдыкт XVI заклікаў святароў працаваць над рэалізацыяй ІІ Ватыканскага Сабору


RealAudioMP3 Успамінамі і разважаннямі аб ІІ Ватыканскім Саборы падзяліўся Бэнэдыкт XVI са святарамі Рымскай дыяцэзіі, якія 14 лютага прыбылі на спецыяльную аўдыенцыю ў Ватыкан. Перш чым пачаць прамову, Папа падзякаваў рымскаму духавенству за малітву і паабяцаў маліцца за кожнага застаючыся “схаваным ад свету”. Сваё доўгае разважанне Святы Айцец прамовіў спантанна, без падрыхтаванага тэксту. Ён падзяліўся асабістымі ўспамінамі аб ІІ Ватыканскім Саборы і ўзгадаў, што адправіўся туды не толькі з радасцю, але і з вялікім чаканнем “новай Пяцідзесятніцы, новай эры Касцёла”. У той час Касцёл быў “дастаткова моцным”, аднак адчувалася, што ён “не ішоў наперад (...), больш здаваўся рэчаіснасцю з мінулага, чым носьбітам будучыні”. Бэнэдыкт XVI звярнуў увагу на існаванне двух сабораў: рэальнага і “віртуальнага” – створанага СМІ. Паводле Святога Айца, менавіта гэты апошні ў большай меры дайшоў да людзей. Ён не рэалізаваўся ў веры, але толькі ў катэгорыях сучасных медыя: для СМІ Сабор быў барацьбой за ўладу ўнутры Касцёла, а многія важныя рэчы ў ім прадстаўляліся павярхоўна. Вынікам гэтага сталі закрытыя семінарыі, манастыры, баналізацыя літургіі.

“Сапраўды, Сабор сустэўся з цяжкасцямі ў канкрэтызацыі і рэалізацыі; Сабор віртуальны быў больш моцным за рэальны”, - сказаў Святы Айцец, але дадаў, што моц рэальнага Сабора паступова перамагае. “Мне здаецца, праз 50 гадоў пасля Сабора мы бачым, як сабор віртуальны разбураецца, губляецца і ўсё больш праяўляецца Сабор рэальны з ўсёй сваёй духоўнай сілай. У гэтым наша задача, менавіта ў гэты Год веры, пачынаючы ад гэтага Году веры – працаваць, каб сапраўдны Сабор, з сілай Святога Духа рэалізаваўся, і Касцёл па-сапраўднаму абнавіўся. Спадзяёмся Пан нам дапаможа”, - сказаў Папа.

На заканчэнне Бэнэдыкт XVI адзначыў, што адыходзіць з малітвай. “Я заўсёды буду з вамі, і разам мы пойдзем наперад з Панам, з упэўненасцю. Пан пераможа!”, - закончыў сваю прамову Папа.








All the contents on this site are copyrighted ©.