2013-02-13 14:15:07

Бэнэдыкт ХVI заклікаў да рэформ у сельскай гаспадарцы


RealAudioMP3 На значэнне сельскай гаспадаркі для эканамічнага росту і патрэбу рэформ у ёй звярнуў увагу Бэнэдыкт ХVI у сваім звароце да ўдзельнікаў 36-й сесіі Міжнароднага фонда сельскагаспадарчага развіцця. Працы гэтай міжнароднай арганізацыі, якая займаецца мабілізацыяй фінансавых рэсурсаў у мэтах павелічэння вытворчасці прадуктаў харчавання і паляпшэння становішча з харчаваннем бедных груп насельніцтва, праходзяць у Рыме 13-14 лютага. Папа выказаў удзячнасць фонду за яго барацьбу з голадам і намаганні па забеспячэнні харчовай бяспекі. Ён высока адзначыў ініцыятывы Фонду, які аказвае фінансавую дапамогу дробным фермерам і карэннаму насельніцтву. Пантыфік заклікаў, каб фінансавыя праекты арганізацыі ў бедных краінах адпавядалі інтарэсам сельскай гаспадаркі і спрыялі ўстойліваму развіццю. “Такі падыход, які прызнае сельскую гаспадарку ў якасці асноўнага фактару эканамічнага росту і сацыяльнага прагрэсу, забяспечыць сельскай гаспадарцы і сялянам месца ў грамадстве, на якое яны заслугоўваюць”, - адзначыў Пантыфік.

Папа падкрэсліў, што Касцёл у сваім навучанні заўсёды ставіцца з павагай да працы земляробаў, якія ўносяць уклад у развіццё сваіх супольнасцяў і грамадстваў. Ён таксама нагадаў, што ААН прыняла рашэнне прысвяціць 2014 г. сельскагаспадарчым сем’ям, надаючы такім чынам асаблівую ўвагу гэтай фундаментальнай ячэйцы грамадства. Святы Айцец выказаў пажаданне, каб міжнародная дапамога больш адпавядала сапраўдным патрэбам тых, хто жыве ў сельскай мясцовасці.








All the contents on this site are copyrighted ©.