2013-02-13 11:06:50

Бэнэдыкт XVI: навяртанне – гэта калі вера і любоў становяцца самымі важнымі ў жыцці


RealAudioMP3 “Навярнуцца” – не азначае закрыцца ў пошуку уласнага поспеху, прэстыжу, добрага становішча, але рабіць так, каб кожны дзень, у маленькіх справах, праўда, вера ў Бога і любоў станавіліся самымі важнымі рэчамі”, - лічыць Бэнэдыкт XVI. Ён сустрэўся 13 лютага з вернікамі на агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане. Сваю катэхезу Святы Айцец прысвяціў разважанню над спакусамі Хрыста ў пустыні і неабходнасці штодзённага навяртання да Бога. Бэнэдыкт XVI расказаў, што на пустыні, “месцы цішыні і беднасці”, чалавек становіцца перад абліччам фундаментальных пытанняў аб сваім існаванні, “ён змушаны сягаць да самага важнага і менавіта таму тут лягчэй за ўсё сустрэць Бога”. З іншага боку, пустыня, гэта таксама і “месца смерці, таму, што тут няма вады і, як вынік, жыцця; гэта месца адзіноты, у якой чалавек найбольш адчувае самыя моцныя спакусы”, - заўважыў Папа.

Ён нагадаў, што ў першай спакусе сатана прапанаваў Хрысту перамяніць камень у хлеб. Аднак Езус адмовіўся, бо ведаў, што не толькі хлебам жыве чалавек: “без адказу на голад праўды, голад Бога, чалавек не можа збавіцца”. У другой спакусе сатана прапанаваў Езусу шлях улады, але Хрыстус адказаў, што гэта не шлях Бога: “Езус ведаў, што не свецкая ўлада збаўляе свет, але ўлада крыжа, пакоры, любові”. Нарэшце, у трэццяй спакусе сатана прапанаваў Хрысту спакусіць Бога. У сваім адказе Хрыстус сцвердзіў, што Бог – гэта не аб’ект, якому можна навязаць нашу сітуацыю: Ён Пан усяго.

“У чым сэнс трох спакусаў, якім падвяргаўся Езус? У тым, што гэта былі прапановы інструменталізацыі Бога, выкарыстання Яго для сваіх уласных інтарэсаў, уласнай хвалы і поспеху. Такім чынам, спакуса заключалася ў тым, каб паставіць самога сябе на месца Бога, выкідваючы Яго са свайго жыцця і робячы так, каб Ён здаваўся лішнім. Кожны з нас павінен спытаць сябе: якое месца Бог займае ў маім жыцці? Хто з нас Пан – Ён ці я?”, - сказаў Папа.

Паводле Бэнэдыкта XVI змаганне са спакусай падпарадкавання Бога сваім інтарэсам з’яўляецца шляхам, які павінен прайсці кожны хрысціянін.

“Сёння больш нельга быць хрысціянінам, проста ў выніку таго, што жывем ў грамадстве, якое мае хрысціянскія карані: нават той, хто нарадзіўся ў хрысціянскай сям’і і атрымаў рэлігійную адукацыю павінен штодзённа абнаўляць свой выбар быцця хрысціянінам, ставіць Бога на першае месца, перад абліччам спакусаў, якія секулярызаваная культура працягвае нам прапаноўваць, перад абліччам крытычнага суджэння многіх нашых сучаснікаў”, - сказаў Пантыфік.

Папа адзначыў, што ў сённяшнім свеце спакус вельмі шмат і яны тычацца, як прыватнага, так і грамадсткага жыцця. Ён нагадаў, што “нялёгка быць вернымі хрысціянскаму сужэнству, быць міласэрнымі ў штодзённым жыцці, пакідаць месца для малітвы і ўнутранай цішыні”. “Нялёгка публічна супрацьстаяць выбарам, якія іншыя лічаць нармальнымі, такім як аборты ў выпадку непажаданай цяжарнасці, эўтаназія ў выніку цяжкай хваробы, ці селекцыя эмбрыёнаў для барацьбы са спадчыннымі хваробамі. Спакуса адкінуць у бок уласную веру заўсёды прысутная і навяртанне становіцца адказам Богу, які павінен падцвярджацца шматразова ў жыцці”, - адзначыў Святы Айцец.

У апошняй частцы сваёй катэхезы Бэнэдыкт XVI прывёў некалькі прыкладаў навяртання нашых сучаснікаў. Ён нагадаў аб рускім праваслаўным філосафе Паўле Фларэнскім, маладой галанскай яўрэйкі, ахвяры Халакосту, Эцці Хілесум, амерыканскім палітыку Дораці Дэй, якая падвяргалася спакусе вырашыць усе праблемы з дапамогай палітыкі. Паводле Святога Айца, “выбар паміж закрытасцю ў нашым эгаізме і адкрытасцю на любоў Бога і іншых можна параўнаць з выбарам, які павінен быў зрабіць Езус: паміж чалавечай уладай і уладай Крыжа, паміж збаўленнем праз матэрыяльны дабрабыт і збаўленнем, як справе Бога”.








All the contents on this site are copyrighted ©.