2013-02-12 11:25:46

У Беларусі з сумам, але са зразуменнем сустрэлі навіну аб рашэнні Папы


RealAudioMP3 Бэнэдыкт XVI пакідае Пасад св. Пятра. Вядома, Пантыфік мае такое права, падмацаванае толькі яго свабоднай воляй, якое не патрабуе зацвярджэння з чыйго-небудзь боку. Але ўсё ж інфармацыя была вельмі нечаканай, рассказаў пра свае пачуцці арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. “Папа суверэнны ў сваіх дзеяннях, ён адзін прымае гэта рашэнне. Кананічнае права дазваляе прымаць такія рашэнні, і ён прыняў. Іншая справа, што такія здарэнні адбываюцца вельмі рэдка. Апошні раз гэта было ў 1415 г., калі папа Грыгорый XII адмовіўся ад пасады наступніка апостала Пятра”, - нагадаў іерарх.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч ведае кардынала Ёзэфа Ратцынгера з 1991 г., калі яшчэ працаваў у Маскве. Ужо папа Бэнэдыкт XVI і вызначыў яго далейшы шлях – прызначыў Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім. Увесь гэты час беларускі іерарх не раз сустракаўся з Пантыфікам, які заўсёды цікавіўся жыццём Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. На адной з апошніх сустрэч Мітрапаліт передаў Папе пераклад на сучасную беларускую мову чатырох Евангелляў, а Святы Айцец падзякаваў за тое, што літургічная мова развіваецца ў краіне. Папа нават аднойчы пабываў у Беларусі – хай і з дапамогай відэасувязі, успамінае арцыбіскуп Кандрусевіч.“Мы праводзілі тэлемасты і такі вялікі тэлемост адбыўся ў 2008 г. з мінскай архікатэдрай. Таксама падчас візіту “Ad Limina” мы сустракаліся з ім, усе біскупы сустракаліся з ім. Я з’яўляюся членам Папскай рады “Справядлівасць і Супакой”, часта бываю ў Рыме, ёсць такі звычай, што Папа нас прымае. Тады можна некалькі слоў сказаць яму, таксама некалькі асабістых спатканняў было. Нават ведаеце, калі кардынал Казімір Свёнтэк хварэў, нейкае спатканне было, я падышоў да Папы, а ён спытаўся пра яго. Кожны раз, калі я быў у яго, ён пытаўся, як справы ў Беларусі, як Касцёл жыве, якія праблемы, як яны вырашаюцца. Ён добра ведае пра Беларусь і спадзяюся, што будзе і далей памятаць і маліцца за нас”, - адзначыў іерарах.

Для сусветнага Касцёла Бэнэдыкт XVI зрабіў шмат. Амаль 8 гадоў служэння шмат часу ўдзяліў развіццю сацыяльнага вучэння Касцёла – аб чым кажуць яго 3 энцыклікі, пашырэнню зносін з Праваслаўнай Царквой, іншымі хрысціянскімі і нехрысціянскімі канфесіямі і рэлігіямі, а галоўнае заўсёды быў моцным абаронцам веры – адзначыў арцыбіскуп Кандрусевіч. “Сёння мы дзякуем Богу за такога праведэнцыйнага Папу. Бог 8 гадоў таму выбраў адпаведнага чалавека на адпаведныя часы, калі трэба было моцна абараняць веру. І для мяне ён застанецца як такі мужны абаронца веры і хрысціянскіх каштоўнасцяў, чалавек, які ўвёў нас у Год веры, каб мы маглі веру абараняць. Акрамя гэтага ён правёў Год святара, Год св. апостала Паўла, гэта ўсё таксама злучана з вера. І ён сам быццам сімвал веры, сімвал еднасці. Сёння ўдзячны Богу за гэтага чалавека, гэтую асобу, за яго служэнне. Трэба маліцца, каб Бог і далей благаславіў яго, таму што, сышоўшы з Пасаду св.Пятра, ён і далей застанецца тэолагам і сваімі думкамі будзе ўзбагачаць Каталіцкі Касцёл і ўсё хрысціянства”, - перакананы арцыбіскуп Кандрусевіч.

Католікі Беларусі будуць маліцца за Бэнэдыкта XVI і прасіць Божай дапамогі ў абранні новага Пантыфіка.

Ларыса Абрамчук, Мінск.







All the contents on this site are copyrighted ©.