2013-02-12 15:40:27

Кс. Ламбардзі: Папа жадаў, каб новы Пантыфік быў абраны да Пасхі


RealAudioMP3 Яшчэ дакладна невядома, якое імя будзе насіць Бэнэдыкт XVI пасля заканчэння свайго Пантыфікату і як будзе апранацца. Пра гэта паведаміў кс. Фэдэрыка Ламбардзі, кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы 12 лютага падчас сустрэчы з журналістамі. Езуіт расказаў, што Папа закончыць выконваць абавязкі Рымскага Пантыфіка 28 лютага ў 20.00 – час калі Святы Айцец звычайна заканчвае свой працоўны дзень, перш чым адправіцца на вячэрнюю малітву і адпачынак. “Апошні дзень Пантыфіка пройдзе звычайным чынам”, - паведаміў кс. Ламбардзі. Кіраўнік Залы Друку прызнаўся, што важнай падзеяй, якая падштурхнула Бэнэдыкта XVI да думкі аб адмаўленні ад папскага служэння, стала яго падарожжа ў Мексіку і на Кубу ў сакавіку 2012 г., якое выклікала вялікую стомленасць у Пантыфіка. Аднак, паводле кс. Ламбардзі, тады яшчэ рашэнне Папы не было канчатковым.

Езуіт падзякаваў журналістам, якія з вялікай павагай і адказнасцю асвятлялі навіны пра рашэнне Святога Айца. Акрамя таго, ён расказаў, што Бэнэдыкт XVI вырашыў пасяліцца ў будынку ў Ватыканскіх садах, у якім раней жылі кляўзуровыя законніцы. Гэты будынак ужо на працягу некалькіх месяцаў знаходзіцца ў рэмонце.

Кс. Ламбрадзі сказаў, што юрыдычныя пытанні адносна папскага пярсцёнка і гербу будуць вырашаны пазней. Таксама Бэнэдыкт XVI не будзе прымаць удзел у будучым канклаве і не будзе ствараць праблем для свайго наступніка. “Больш за тое, наступнік будзе падтрымлівацца малітвай, прысутнасцю любові і падтрымкі з боку чалавека, які больш за ўсіх у свеце зможа зразумець і раздзяліць яго клопаты”, - адзначыў езуіт.

Кіраўнік Залы Друку паведаміў, што Бэнэдыкт XVI плануе весці жыццё ў малітве і медытацыі. Магчыма, Папа будзе пісаць. Ён таксама адзначыў, што Бэнэдыкт XVI добра прадумаў момант абвяшчэння свайго рашэння. Паводле кс. Ламбардзі, Папа жадаў, каб іерархі маглі засяродзіцца на выбарах новага Пантыфіка на працягу Вялікага посту, і да Пасхі стала вядома яго імя.








All the contents on this site are copyrighted ©.