2013-02-11 10:50:27

Патрыярх Кірыл адзначыў мужнасць Бэнэдыкта XVI


RealAudioMP3 Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл выказаў павагу мужнасці папы Бэнэдыкта XVI у адстойванні хрысціянскай традыцыі. “Без гэтай традыцыі Касцёл перастае існаваць, ён проста разбураецца і ператвараецца ў кангламераты рознага роду хрысціянскіх арганізацый”, - сказаў Патрыярх 10 лютага ў Маскве на сустрэчы з паслом Расіі пры Святым Пасадзе Аляксандрам Аўдзеевым. Паводле слоў Прадстаяцеля, сёння заходняе хрысціянства “апынулася ў цяжкім становішчы”, паведамляе сайт Маскоўскага Патрыярхату.

У гэтых умовах выклікае павагу пазіцыя Пантыфіка па найважнейшых пытаннях сучаснасці, “яго мужнае стаянне на той аснове, якая звязана з апостальскай традыцыяй”, - падкрэсліў кіараўнік Рускай Праваслаўнай Царквы. Ён адзначыў, што Бэнэдыкт XVI у сваім стаўленні да сучаснага грамадства “звязвае сябе з апостальскай традыцыяй і на яе аснове каментуе тое, што адбываецца сёння ў свеце”.

“Гэтак жа паступае і Праваслаўная Царква. І ў гэтым сэнсе ў нас агульны падыход, а значыць, і агульныя ацэнка праблем сучаснага свету”, - канстатаваў Патрыярх. Ён лічыць, што сёння Маскоўскі Патрыярхат і Каталіцкі Касцёл павінны падумаць аб тым, “як мы можам далей працаваць разам для таго, каб словы хрысціянскага паслання былі пераканаўчыя і для Усходу, і для Захаду”.

У заключэнне гутаркі Патрыярх выказаў надзею, што Аляксандр Аўдзееў на пасадзе пасла здолее ўнесці свой адмысловы ўклад у развіццё адносін паміж дзвюма краінамі і Цэрквамі.







All the contents on this site are copyrighted ©.