Бэнэдыкт XVI адмовіўся ад служэння Рымскага Біскупа
Бэнэдыкт XVI абвясціў
сёння аб сваім рашэнні пакінуць Пасад св. Пятра. Святы Айцец спаслаўся на стан свайго
здароўя і немагчымасць належнага выканання свайго служэння. Папа абвясціў гэта 11
лютага на звычайнай кансісторыі. “Я паклікаў вас на гэту Кансісторыю не толькі па
прычыне трох кананізацый, але і паведаміць вам рашэнне, якое мае вялікае значэнне
для жыцця Касцёла. – сказаў Бэнэдыкт XVI, звяртаючыся да кардыналаў - Разважыўшы гэта
шмат разоў у сумленні перад Богам, я набыў упэўненасць, што па прычыне сталага ўзросту
мае сілы не дастатковыя, каб належным чынам ажыццяўляць служэнне св. Пятра. Я цалкам
усведамляю, што гэта служэнне ў сваёй духоўнай сутнасці павінна выконвацца не толькі
праз дзеянні і словы, але не ў меншай ступені, праз цярпенне і малітву. Аднак, каб
кіраваць лодкай св. Пятра і абвяшчаць Евангелле ў сучасным свеце, схільным да хуткіх
змен і хваляваным пытаннямі, якія маюць вялікае значэнне для жыцця веры, неабходная
як сіла цела, так і духа, якая ў апошнія месяцы аслабела ў мяне настолькі, што я павінен
прызнаць сваю няздольнасць добра выконваць даручанае мне служэнне. Таму, цалкам усведамляючы
сур’ёзнасць гэтага акту, у поўнай свабодзе, я заяўляю, што я адмаўляюся ад служэння
Рымскага Біскупа, Наступніка св. Пятра, ускладзенае на мяне кардыналамі 19 красавіка
2005 г., так, што з 28 лютага 2013 г., ад 20.00, рымскі пасад, Пасад св. Пятра, будзе
звольнены (sede vacante), і паўстане неабходнасць, каб тыя, хто мае кампетэнцыю, склікалі
Канклаў для абрання новага Папы.
Дарагія браты, я дзякую вам ад усяго сэрца
за ўсю любоў і працу, праз якую вы неслі са мной цяжар майго служэння, і прашу прабачэння
ўсіх маіх недахопаў. Цяпер мы давераем святы Касцёл апецы Найвышэйшага Пастыра, Пана
нашага Езуса Хрыста, і просім Яго Найсвяцейшую Маці Марыю, каб дапамагала сваёй мацярынскай
дабрынёй Айцам Кардыналам у абранні новага Папы. Калі гаворка ідзе пра мяне, у будучыні
я хачу служыць усім сэрцам, усім адданым малітве жыццём, Святому Божаму Касцёлу”,
- заключыў Бэнэдыкт XVI у сваім паведамленні, скіраваным да кардыналаў.