2013-02-11 10:36:23

Беларусь: у Пінску памятаюць пра мучаніцкую смерць кс. Вітальда Івіцкага


RealAudioMP3 2013 год у Пінскай дыяцэзіі пачаўся з успаміну сумнай даты. Роўна 70 гадоў таму, у студзені 1943 г., у Янаве Палескім (цяпер Іванава, Брэсцкай вобласці) немцамі былі расстраляны 40 чалавек. Сярод іх быў і каталіцкі святар – кс. Вітальд Івіцкі, які ў той час выконваў абавязкі генеральнага вікарыя Пінскай дыяцэзіі. Ксёндз Івіцкі быў арыштаваны гестапа разам з іншымі паважанымі мясцовымі жыхарамі – карную акцыю немцы задумалі ў помсту за вызваленне атрадам Арміі Краёвай вязняў пінскай турмы. Незвычайна, за некалькі хвілін перад расстрэлам, фашысты вырашылі адпусціць некаторых закладнікаў, у тым ліку Вітальда Івіцкага. Але святар, не раздумваючы, прапанаваў абмяняць сваё жыццё на жыццё іншага чалавека – кіраўніка чыгункі, шматдзетнага бацьку. Кс. Івіцкі зрабіў свой выбар і – прыняў мучаніцкую смерць.

У Пінску яшчэ жывуць тыя людзі, якія сустракалі святара асабіста, астатнім – трэба нагадаць пра яго прыклад радыкальнай любові да чалавека, расказаў Біскуп Пінскі Антоній Дзям’янка. “Мы адзначаем 70 гадоў са дня смерці, каб паказаць, якую любоў гэты чалавек наследваў – практычна любоў Езуса Хрыста. Так як піша святы евангеліст Ян, што Езус аддаў сваё жыццё за нас, а мы павінны аддаць сваё жыццё за братоў сваіх. У Год веры мы асабліва хочам наблізіць да божага народа гэтыя светлыя постаці людзей, якія пражылі жыццё, адзначыліся верай, далі прыклад веры нават да праліцця крыві”, - падзяліўся іерарх.

Кс. Вітальд Івіцкі нарадзіўся ў Вільні, вучыўся ў Рыме, працаваў у Пецярбургу, але потым каля 20 гадоў служыў у Беларусі – выкладаў у Пінскай духоўнай семінарыі, быў пробашчам брэсцкага касцёла Узвышэння Святога Крыжа, застаўся ў Пінску падчас савецкай, а потым нямецкай акупацыі. Доўгі час падрабязнасці смерці святара ў студзені 43-га былі не вядомы – выраватаванаму ім чалавеку забаранілі расказваць, як адбывалася пакаранне. Да 70 гадавіны смерці кс. Івіцкага выдадзена невялікая кніга, на старонках якой расказваецца аб ім, а яшчэ ў ёй змешчана 51 імя святароў-мучанікаў – гэта толькі з Пінскай дыяцэзіі – з перыяду Другой сусветнай вайны.

Ларыса Абрамчук, Мінск.







All the contents on this site are copyrighted ©.