Папская рада па культуры: паказаць прыгажосць хрысціянскага жыцця
Неабходна прымаць
моладзь без стэрэатыпаў і маралізарства. Да такой высновы прыйшлі ўдзельнікі пленарнага
пасяджэння Папскай рады па культуры, якое праходзіла ў Ватыкане 6-9 лютага. На заканчэнне
форума, было апублікавана спецыяльнае выніковае паведамленне, у якім, у сціснутай
форме, прадстаўлены вынікі дыскусій. Між іншым адзначаецца, што сённяшнія маладыя
людзі, з’яўляюцца адлюстраваннем крызіса грамадства і таму патрабуюць разумення, якое
будзе ўключаць у сябе не толькі культурнае вымярэнне, але таксама эканамічнае і структурнае.
У дакуменце прыводзіцца прыклад, “індыньядас” – маладых удзельнікаў шматлікіх маніфестацый,
якія скалыхнулі Еўропу, на працягу 2011-2012 г. Адзначаецца, што яны выражаюць “стомленасць
маладых людзей перад абліччам існуючай сістэмы” і ставяць пад пытанне актуальнасць
“старых формаў палітычнай дзейнасці і звычайнага спосабу абвяшчэння веры”.
Таксама
звяртаецца ўвага, што новыя тэхналогіі занялі асабліва важнае месца ў фарміраванні
ідэнтычнасці сучаснай моладзі – ідэнтычнасці, якая ў пэўных мадэлях і групах знаходзіць
гарантыю бяспекі. Акрамя таго, падкрэсліваецца, што дзякуючы новым СМІ, моладзь прызвычаілася
сама задаваць шматлікія пытанні і пакідаць каментары да іх. У сувязі з гэтым неабходна
ствараць месцы, дзе можна будзе адказваць на самыя радыкальныя пытанні моладзі, а
таксама вучыцца разумець яе “граматыку”.
“Многія маладыя людзі не разумеюць
мову Касцёла, а Касцёл не разумее мову моладзі”, - адзначаецца ў дакуменце Папскай
рады і падкрэсліваецца, што гэта выклік, на які неабходна адказаць. Моладзь часта
шукае глыбокага сэнсу і таму неабходна максімальна ясна прадставіць прыгажосць і радасць
хрысціянскага жыцця, евангельскіх запаведзяў, якія дазваляюць дасягнуць шчасця і поўні.
Падрыхтоўка маладых хрысціян – гэта выраз “адказнасці перад будучыняй, каб будаваць
паўсюднае братэрства”, адзначаецца ў дакуменце.