2013-02-10 12:31:42

Бэнэдыкт XVI перад “Анёл Панскі”: не палохацца, калі Бог кліча (поўны тэкст)


RealAudioMP3 “Чалавечая слабасць не павінна палохаць перад пакліканнем Бога. Неабходна давяраць Яго моцы, якая дзейнічае менавіта ў нашай слабасці”, - з такімі словамі Бэнэдыкт XVI звярнуўся да вернікаў сабраных 10 лютага на плошчы св. Пятра, каб прыняць удзел у традыцыйнай нядзельнай малітве “Анёл Панскі” з Пантыфікам. Сваё кароткае разважанне, якое Папа прапанаваў сабраным перад малітвай, ён прысвяціў евангельскаму фрагменту з сённяшняй літургіі ў якім апавядаецца аб пакліканні Езусам першых вучняў каля возера Генэзарэт. “Дарагія браты і сёстры, – прывітаў вернікаў Папа – у сённяшняй літургіі, Евангелле паводле св. Лукі, прадстаўляе апавяданне аб пакліканні вучняў, але ў своеасаблівай версіі – адрознай ад іншых сінаптычных Евангелляў – паводле св. Марка і св. Мацвея (пар. Мк 1,16-20; Мц 4,18-22). Пакліканне, сапраўды, папярэджвала навучанне Езуса да натоўпу і цудоўны лоў рыбы, які быў здзейснены па волі Пана (Лк 5, 1-6). У той час, як натоўп перапоўніў бераг возера Генэзарэт, каб паслухаць Езуса, Ён убачыў Сымона, засмучанага тым, што за ўсё ноч нічога не злавіў. Напачатку Езус спытаўся ў Яго, ці можа ўвайсці ў човен, каб прапаведваць народу, крыху адплыўшы ад берага; затым, пасля заканчэння пропаведзі, загадаў яму адплыць на глыбіню са сваімі паплечнікамі і закінуць сеці (пар. Лк 5,4). Сымон падпарадкаваўся, і яны выцягнулі вялікую колькасць рыбы. Такім чынам, евангеліст паказвае, як першыя вучні наследавалі Езуса, давяраючыся Яму, абапіраючыся на Яго Слова, якое суправаджалася таксама вялікімі знакамі. Заўважым, што яшчэ перад гэтым знакам Сымон звярнуўся да Езуса назваўшы Яго “Настаўнік” (Лк 5,5), але затым называў Яго “Панам” (Лк 5,7). Такая педагогіка паклікання Бога, які не глядзіць у першую чаргу на якасці выбраных, але на іх веру, як у выпадку Сымона, што казаў: “На Тваё слова закіну сеткі” (Лк 5,5).

Вобраз лову рыбы нагадвае аб місіі Касцёла. Гэту думку каментаваў св. Аўгустын: “Двойчы вучні пачыналі лавіць рыбу па загадзе Пана: першы раз, яшчэ да Яго мукі, а другі – пасля ўваскрасення. У двух гэтых выпадках прадстаўлены ўвесь Касцёл: Касцёл, такі, якім з’яўляецца зараз і такі, якім будзе пасля ўваскрашэння памерлых. Зараз ён прымае вялікую колькасць людзей, якіх нават нельга палічыць, у тым ліку добрых і дрэнных; пасля ўваскрашэння будзе ўключаць толькі добрых” (Discorso 248,1). Досвед св. Пятра, канешне выключны, але таксама прадстаўляе пакліканне кожнага апостала Евангелля, які не павінен ніколі расчаравацца ў абвяшчэнні Хрыста людзям, аж да краю зямлі. Сённяшні тэкст дае магчымасць паразважаць аб пакліканні да святарства і кансэкраванага жыцця. Гэта – справа Бога. Чалавек, не з’яўляецца аўтарам уласнага паклікання, але адказвае на прапанову Бога; і чалавечая слабасць не павінна палохаць, калі Бог кліча. Неабходна давяраць Яго моцы, якая дзейнічае менавіта ў нашай слабасці; неабходна заўсёды давяраць моцы Яго міласэрнасці, якая перамяняе і аднаўляе.

Дарагія браты і сёстры, гэта Слова Божае няхай ажывіць у нас і нашых хрысціянскіх супольнасцях адвагу, давер і запал, каб абвяшчаць і сведчыць аб Евангеллі. Няўдачы і цяжкасці, няхай нас не палохаюць: ад нас чакаецца, з верай закінуць сеткі, а астатняе зробіць Пан. Даверымся заступніцтву Панны Марыі, Каралеве Апосталаў. На пакліканне Пана, яна, добра свядомая сваёй слабасці, адказала з вялікім даверам: “Вось я”. З яе матчынай дапамогай, абновім нашу адкрытасць на наследванне Езуса, Настаўніка і Пана”.

Пасля заканчэння марыйнай малітвы, Папа змясціў кароткае пасланне ў сваім “Твітэры”. Традыцыйна яго змест, Пантыфік прысвяціў разважанню, якое напярэдадні скіраваў да вернікаў. Святы Айцец напісаў: “Мы павінны давяраць моцы міласэрнасці Божай. Мы ўсе грэшнікі, але Яго ласка нас перамяняе і абнаўляе”.








All the contents on this site are copyrighted ©.