2013-02-08 14:00:44

Духоўная літаратура ў Беларусі карыстаецца попытам


RealAudioMP3 Літаратурная падзея года – у беларускай сталіцы працягвае сваю працу 20-ая Міжнародная кніжная выстава-кірмаш. Амаль 10 гадоў сярод нязменных удзельнікаў – каталіцкае выдавецтва “Pro Christo”. На гэты раз цэнтральная ў экспазіцыі – кніга, у якой змешчаны чатыры Евангеллі. Гэта першы пераклад Святога Пісання з арыгінальных моваў на сучасную беларускую. Прэзентаваў выданне сам арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. “Былі пераклады і перад гэтым, і пасля яшчэ будуць, бо мова развіваецца. Але кожны раз трэба казаць чалавеку на сучаснай мове і, дкякуй Богу, такая кніга з’явілася. Яна будзе карыснай для святароў, для кансэкраваных асоб, для семінарыстаў, для ўсіх, хто цікавіцца Святым Пісаннем. Пераклад зроблены з арыгінальных моваў, найперш з грэчаскай, таксама карысталіся лацінскім выданнем, так званай Новавульгатай - апошнім выданнем Святога Пісання на лацінскай мове”, - паведаміў іерарх.
Менавіта гэта беларуская літаратурная навінка зусім нядаўна, у снежні, папоўніла біліятэку Святога Айца Бэнэдыкта XVI. Евангелле на беларускай мове Папе асабіста перадаў Мітрапаліт Кандрусевіч. А некалькі дзён таму іерарх атрымаў з Ватыкану падзяку.“Ужо тады Папа адзначыў, бо я яму шмат кніг прэзентаваў – і Дакументы II Ватыканскага сабору, і Кампендыўм катэхізіса, і Кампендыўм сацыяльнага навучання, і цяпер гэту кнігу прывёз. Ён сказаў, я бачу, што развіваюцца літургічныя мовы, што развіваецца касцёльная мова, ён вельмі быў задаволены гэтым. Добра, што выдавецтва існуе і дапамагае адказваць на выклікі нашага часу”, - адзначыў арцыбіскуп.

Увогуле, глянуць на стэнд, вочы разбягаюцца. “Святая Імша. Сто пытанняў і адказаў” - практычны дапаможнік , каб разабрацца ў літургіі, “Католікі на абшарах Панізоўя і Севершчыны” – для тых, хто цікавіцца гісторыяй Гомельскага дэканата, “Касцёл Святой Тройцы ў Клецку” – прыклад лёсу адной святыні. Гэта кнігі, кажа дырэктар выдавецтва “Pro Christo” Аліна Новікава, якія не толькі даюць веды, але і падчас змяняюць чалавека. Як, напрыклад, паэзія польскага ксяндза Яна Твардоўскага “Разам с Табою”, выдадзеная ў Беларусі на дзьвюх мовах. “Мы нават здзівіліся, бо не чакалі такога рэзанансу ад выдання гэтай кнігі. Шмат было рэцэнзій і нават беларуская інтэлігенцыя адзначае, што гэтаю кніга нечакана змяняе погляд на жыццё, і чалавек становіцца багацейшы ўнутрана”, - кажа дырэктар.

Але ёсць і кнігі, якія чакана карыстаюцца попытам – напрыклад, усё, што тычыцца сямейнага жыцця – Яцэка Пулікоўскага “Варта быць айцом”, “Як палюбіць цешчу”, серыя кніг манаха-езуіта Юзэфа Аўгустына “Даведнік па лабірынтах маладосці”, “Як любіць дзяцей”. Гэтыя і іншыя пытаюць у парафіях, шукаюць у кнігарні, рассказвае Аліна Новікава. “Мы бачым, што цікавяцца людзі. Да нас прыходзяць святары, нават, праваслаўныя, і ўвогуле людзі, якія не прыналежаць да якой-небудь з канфесій, але ідуць, каб знайсці нейкія адказы на свае пытанні. Вельмі-вельмі карыстаюцца попытам кнігі”, - прызналася кнігавыдавец.

Сваеасаблівая справаздача за апошні год – на выставе-кірмашы на паліцах выдавецтва “Pro Christo”. Але гэта ўмоўна. Калі кніга выйшла ў 2012-ым, гэта не значыць, што яна пісалася на працягу аднаго года. Праца над некаторымі выданнямі ідзе ўжо больш за 10 гадоў. Таму кожны экспанат тут – літаратурная падзея. Для аўтара, выдавецтва і сапраўднага чытача, які заўсёды чакае цікавай і карыснай літаратуры.

Ларыса Абрамчук, Мінск.








All the contents on this site are copyrighted ©.