2013-02-08 10:45:36

Бэнэдыкт XVI жадае плённага развіцця франка-германскіх адносінаў


RealAudioMP3 Бэнэдыкт XVI жадае, каб “новыя выклікі і блізарукія прыватныя інтарэсы” не пагражалі дасягненням зробленым за 50 гадоў, пасля падпісання Елісейскага дагавора паміж Германіяй і Францыяй. Аб гэтым напісаў ад імя Пантыфіка кардынал Дзяржсакратар Тарчызіа Бэртонэ. Ён скіраваў спецыяльнае пасланне да ўдзельнікаў канферэнцыі, якая 7 лютага адбылася ў Папскім Грыгарыянскім універсітэце. Яна была прысвечана юбілею падпісання Елісейскага дагавора – дакумента, які паклаў канец шматвекавой варожасці паміж Германіяй і Францыяй. У яго падпісанні 22 студзеня 1963 г. прымалі ўдзел тагачасны канцлер ФРГ Конрад Адэнаўэр і Прэзідэнт Францыі Шарль дэ Голь. У пасланні да ўдзельнікаў канферэнцыі адзначаецца, што гэтыя “два вялікіх героя пасляваеннай Еўропы”, перад падпісаннем дагавора, прынялі ўдзел у св. Імшы ў інтэнцыі прымірэння, якая адбылася ў катэдральным касцёле Рэймса. Гэтым фактам яны паказалі “што палітыка грунтуецца на прынцыпах, якія яна не можа даць сама сабе”. Менавіта, у гэтай сітуацыі становіцца асабліва відавочна, што “натуральны маральны закон, а таксама каштоўнасці і правы натхнёныя Евангеллем, складаюць фундамент палітыкі, якая па-сапраўднаму пастаўлена на службу справядлівасці, міру і развіццю ўсё чалавечай сям’і”.

Каб узгадаць аб падпісанні Елісейскага дагавора і абмеркаваць вынікі дасягнутыя за 50 гадоў франка-германскага сяброўства, у Рым прыбылі кіраўнік нямецкай зямлі Саар Ангрэт Крамп-Карэнбаўэр, якая адначасова з’яўляецца адказнай за развіццё культурных адносінаў паміж Францыяй і Германіяй, а таксама Мішэль Барнье, еўракамісар па пытаннях унутранага рынку і сферы паслуг. Перад канферэнцыяй іх прыняў на прыватнай аўдыенцыі Бэнэдыкт XVI.








All the contents on this site are copyrighted ©.