“100 пытанняў – 100 адказаў”. Як Пій ХІІ дапамагаў саюзнікам?
Напрыканцы студзеня
ў аўтарытэтным брытанскім выданні “The Guardian” з’яўвіўся артыкул, у якім была змешчана
інфармацыя аб маёмасці Апостальскай Сталіцы ў розных краінах свету. “Эксперт” прадставіў
свой матэрыял, як сапраўдную сенсацыю і дадаў вастраты свайму адкрыццю, падкрэсліўшы
– а ведзь усё гэта было набыта на “грошы Мусаліні”! Магчыма, адной з мэтаў артыкула
было ўзняцце новых дыскусій аб ватыканскіх фінансах і сувязях з фашызмам. Але, што
новага можна сказаць па гэтым пытанні – аб “грошах Мусаліні” і ватыканскай нерухомасці
вядома ўжо на працягу больш чым 80 гадоў! Яшчэ ў 1929 г. італьянская дзяржава, якой
ў той перыяд кіраваў гэты самы Мусаліні, у якасці кампенсацыі Апостальскай Сталіцы
за шматлікія канфіскаваныя ў канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. землі і будынкі, выплаціла
вялікую суму грошай (якая на сённяшні дзень эквівалентна 200 млн. еўра). Гэта не быў
просты дар, ці падзяка за падтрымку тагачаснага рэжыму, як сцвярджаюць некаторыя –
але справядлівая кампенсацыя за забранае. Акрамя таго, (як адзначаецца ў саміх Латэранскіх
пагадненнях) была заплачана сума значна меншая за тую, якую павінна была кампенсаваць
Італія Апостальскай Сталіцы.
Ватыкан гэтыя грошы не закапаў у зямлю, але інвеставаў
ў прамысловыя прадпрыемствы, нерухомасць і іншае, каб яны прыносілі плён. Сёння, дзякуючы
гэтым грошам у свеце функцыянуюць сотні місій, навучальных установаў, бальніцаў, сталовых,
друкарняў, рэалізоўваюцца праграмы па дапамозе хворым, развіцці бедных рэгіёнаў і
спрыянні міру. Аб гэтым мы ўжо размаўлялі ў адной з мінулых праграм. Але некалькі
месяцаў таму стала вядома аб яшчэ адной добрай справе, якую было наканавана выканаць
“ватыканскім грошам”. Аб ёй мы пагаворым у сённяшняй праграме.
У снежні 2012
г. на старонках выдання Кембрыджскага універсітэта “The Historical Journal”, з’явіўся
артыкул гісторыка Патрыцыі Макголдрык, супрацоўніцы Мідлсекскага універсітэта ў Лондане.
Ён адкрыў новую, невядомую раней старонку гісторыі – а менавіта таямніцу перамяшчэння
ватыканскіх фінансавых патокаў падчас ІІ Сусветнай вайны. Прааналізаваўшы дакументы,
які захоўваюцца ў Брытанскім Нацыянальным архіве, навуковец прыйшла да высновы – падчас
вайны Пій ХІІ грашыма падтрымаў саюзнікаў.
Гэта гісторыя напоўная шпіянажам,
сакрэтнымі кантактамі і новым фактамі, якія на працягу доўгага часу былі схаваны пад
пластам архіўнага пылу. У яе цэнтры знаходзіцца асоба Бернардзіна Нагара, члена
савета дырэктароў Камерцыйнага банка Італіі, і вялікага сябра сям’і Раці, якая ў 1929
г. была паклікана кіраваць ватыканскімі фінансамі. Менавіта гэты банкір, у блізкім
кантакце з членамі Рымскай курыі, распрацаваў фінансавую схему паводле якой, Ватыкан,
праз банкі ў Лісабоне, змог пераправіць вялікую суму грошай у ЗША і Англію.
На
самым пачатку ІІ Сусветнай вайны, Ватыкан паклапаціўся аб тым, каб яны не патрапілі
ў рукі нацыстаў. Фінансы перапраўленыя ў банкі ЗША і Вялікабрытаніі, зрабілі гэтыя
краіны цэнтрамі, з якіх ажыцяўлялася фінансаванне Паўсюдным Касцёла. Адсюль грошы
перапраўляліся ў дыяцэзіі ў розных краінах свету. Яны выкарыстоўваліся на падтрымку
місіянерскай дзейнасці, працы нунцыятур, семінарый, школ, манастыроў і касцёлаў, моладзевых
рухаў і каталіцкага друку, былі дапамогай святарам і законнікам, нават тым, хто знаходзіўся
ў канцэнтрацыйных лагерах.
Акрамя таго, дакументы Брытанскага Нацыянальнага
Архіва апавядаюць, што Ватыкан фінансаваў вялікую гуманітарную дзейнасць на карысць
войскаў саюзнікаў і народаў, якія апынуліся пад нацыскай акупацыяй. Напрыклад у 1944
г. Пій ХІІ арганізаваў пастаўку мукі ў Рым, дзе і так па ініцыятыве Касцёла, штодня
раздаваліся каля 100 тыс. порцый гарачай ежы. Па ініцыятыве Папы прадукты пастаўляліся
з Аргентыны і Іспаніі ў Італію і Грэцыю.
І гэта яшчэ не ўсё. З 1939 г. Апостальская
Сталіца інвеставала вялікія сродкі ў развіццё буйной амерыканскай прамысловасці: машынабудаўнічай,
металапераапрацоўчай, хімічнай, электрычнай і інш. Даследчыца сцвярджае, што “рэкі
грошай з Ватыкана” выкарыстаныя ў ваеннай амерыканскай прамысловасці паспрыялі “разгрому
нацыстаў і паклалі канец звярыным забойствам Халакоста”. Такім чынам, паводле даследчыцы,
Апостальская Сталіца выкарыстала фінансавыя прылады, каб змагацца супраць нацызма
і залечыць раны Еўропы. І зрабіла гэта вельмі эфектыўна.
Паводле Патрыцыі
Макголдрык, фінансавая гісторыя ІІ Сусветнай вайны з’яўляецца цалкам невядомай і вельмі
мала навукоўцаў адважыліся яе даследаваць. Аднак ужо тых фактаў, якія мы маем перад
вачыма дастаткова каб адкінуць павярхоўныя суджэнні і ідэалагізаваныя погляды пры
рэканструкцыі фактаў. Прыклад гэтага адкрыцця, яшчэ раз паказвае адносіны Пія ХІІ
да нацыскага і фашыскага рэжыму і робіць галаслоўнымі ўсякія спробы абвінаваціць Касцёл
у іх падтрымцы ці тым больш супрацоўніцтве з імі.