2013-02-06 12:57:04

Ідучы супраць Бога, чалавек ідзе супраць самаго сябе


RealAudioMP3 “Ідучы супраць Стварыцеля, чалавек ідзе супраць самаго сябе”, - сказаў Бэнэдыкт XVI падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 6 лютага ў Ватыкане. Папа працягнуў серыю катэхез прысвечаных Сімвалу веры. Ён засяродзіўся над словамі, якімі вернікі сцвярджаюць, што вераць у Бога “Стварыцеля неба і зямлі”. Пантыфік нагадаў, што падрабязна працэс стварэння сусвету Богам апісаны на першых старонак Кнігі Быцця. Аднак падкрэсліў, што Біблія не мае на мэце быць “падручнікам па натуральным навукам”, але – “дапамагчы зразумець сапраўдную і глыбокую праўду аб рэчах”. “Фундаментальныя праўды, якія адкрываюць апавяданні Кнігі Быцця заключаюцца ў тым, што свет, гэта не лучнасць супрацьстаячых сіл. Ён мае сваё паходжанне і апору ў Логасе, у вечным Розуме Бога, які працягвае падтрымліваць сусвет. Ёсць пэўная задума аб свеце, якая паходзіць ад гэтага Розуму, ад Духа Стварыцеля. Вера ў гэта, асвячае кожны аспект існавання і дае адвагу з даверам і надзеяй прымаць жыццёвыя прыгоды”, - сказаў Папа.

Бэнэдыкт XVI засяродзіўся над “вяршыняй стварэння”: чалавекам – адзіным, хто “здольны пазнаць і любіць свайго Стварыцеля”. Гаворачы аб яго паходжанні Папа падкрэсліў два элементы. Па-першае, ён нагадаў, што чалавек быў створаны з зямлі, - а гэта з’яўляецца прычынай роўнасці людзей, нягледзячы на іх культурныя і сацыяльныя адметнасці. Па-другое Пантыфік падкрэсліў, што чалавек быў створаны на вобраз і падабенства Бога. “Мы усе носім у сябе дыханне Бога і кожнае чалавечае жыццё, – кажа нам Біблія, – знаходзіцца пад Яго абаронай”, – адзначыў ён. Бэнэдыкт XVI нагадаў, што гэта фундаментальная праўда з’яўляецца “самай глыбокай прычынай непарушнасці чалавечай годнасці” і супрацьстаяння “спробам лічыцца з чалавекам паводле крытэрыяў утылітарызму і улады”.

Бэнэдыкт XVI звярнуў увагу на тое, што на старонках Кнігі Быцця прадстаўлены іншыя два важныя вобразы: дрэва пазнання дабра і зла і змея.
Ён адзначыў, што Бог пасяліў чалавека не ў дзікі сад, але месца у якім ён быў абаронены, насычаны і падтрыманы. Папа заклікаў памятаць, што “свет – гэта не ўласнасць якую можна рабаваць і падвяргаць злоўжыванням, але дар Стварыцеля, знак Яго збаўчай волі – дар, які трэба даглядаць і абараняць”.

Гаворачы пра вобраз змея Пантыфік адзначыў, што звяртаючыся да Адама і Евы, ён не адмаўляў існавання Бога, але прадставіў запавет з Ім, “як ланцуг, які пазбаўляе свабоды і самых каштоўных і прыгожых рэчаў у свеце”. “Спакусай становіцца тое, каб пачаць будаваць самім свет у якім жывем, і не прымаць абмежаванні быцця стварэннем, абмежаванні дабра і зла, маральнасці; залежнасць ад творчай любові Бога бачна, як цяжар, ад якога неабходна пазбавіцца. Але калі фальсіфікуюцца адносіны з Богам, ставячы самаго сябе на Яго месца, рушацца ўсе іншыя адносіны”, - сказаў Святы Айцец.

Апошняя тэма якую закрануў Пантыфік тычылася першароднага граху. Папа адзначыў, што гэтым грахом былі парушаны фундаментальныя адносіны з Богам, у выніку чаго былі разбураны таксама адносіны з усім іншым светам. Папа падкрэсліў, што каб аднавіць гэтыя адносіны прыйшоў Езус Хрыстус. “Яго крыж, – паводле Святога Айца, – стаў новым дрэвам жыцця”.








All the contents on this site are copyrighted ©.