2013-02-02 10:09:03

Кс. Ламбардзі абверг "новыя факты" аб замаху на Яна Паўла ІІ


RealAudioMP3 Факты прадстаўленыя ў новай кнізе Алі Агджы, былога тэрарыста, які ў 1981 г. спрабаваў забіць Яна Паўла ІІ, не адпавядаюць рэальнасці. Пра гэта паведаміў 1 лютага, у спецыяльным звароце, кс. Фэдэрыка Ламбардзі, кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы. Кніга з’явілася на паліцах італьянскіх крамаў 31 студзеня і з’яўляецца новай, але не першай аўтабіяграфіяй Алі Агджы. Яе самым галоўным і сенсацыйным “адкрыццём” стала прызнанне былога тэрарыста ў тым, хто замовіў тое няўдалае забойства Пантыфіка. Паводле Агджы – гэта быў адзін з лідэраў ісламскай рэвалюцыі ў Іране і будучы кіраўнік гэтай краіны аятала Хаменеі. У сваёй аўтабіяграфіі, былы кілер адзначыў, што адзіным, хто пра гэта ведаў быў сам Папа. Нібыта, падчас знакамітай сустрэчы ў рымскай турме “Рэбібія” 27 лютага 1983 г. Алі Агджа раскрыў гэты “сакрэт” Яну Паўлу ІІ. Кс. Ламбардзі падкрэсліў, што зместу гэтай размовы Алі Агджа ўдзяліў цэнтральнае месца ў сваёй новай кнізе. Акрамя таго, паводле былога тэрарыста, Папа прапаноўваў яму стаць католікам.

“Ці павінны мы верыць Агджы на гэты раз?”, - задаецца пытаннем кіраўнік Залы Друку і адразу адказвае “Я думаю, што не”. Кс. Ламбардзі расказаў, што задаў канкрэтныя пытанні былому асабістаму сакратару Яна Паўла ІІ кардыналу Станіславу Дзівішу, які прысутнічаў падчас сустрэчы Папы са сваім няўдалым забойцам. Кардынал Дзівіш знаходзіўся ў камеры з дазволу самаго Святога Айца і хоць не стаяў побач, але чуў аб чым была размова. Ён сцвярджае, што ў тым выпадку яна вялася пра фацімскае аб’яўленне і цудоўнае ацаленне Папы, але катэгарычна адмовіў, што былі ўзгадкі пра аяталу Хаменеі і прапановы аб навяртанні ў каталіцтва.

Акрамя таго, у кнізе ідзе гаворка пра шэраг лістоў, якія нібыта пісаў Агджы “тады яшчэ кардынал Ёзэф Ратцынгер”. Былы тэарарыст сцвярджае, што ў іх будучы Папа расказаў, што Ян Павел ІІ і ён сам моляцца аб яго навяртанні. Кс. Ламбардзі абверг гэты факт і адзначыў, што ўсё было наадварот – лісты ад Алі Агджы атрымоўваў кардынал Ратцынгер. “Не трэба здзіўляцца, таму што многія іх атрымлівалі – у тым ліку і я!”, - адзначыў кс. Ламбардзі.








All the contents on this site are copyrighted ©.