2013-01-31 12:18:32

Святы Пасад і Палестына на шляху да двухбаковага пагадення


RealAudioMP3 Апостальская Сталіца і Палестына працуюць над будучым пагаденнем. У рамках двухбаковых перамоваў, якія вядуцца на працягу некалькіх гадоў паміж Арганізацыяй вызвалення Палестыны і Апостальскай Сталіцай, 30 студзеня ў Рамале, у будынку Міністэрства замежных спраў Палестыны адбылася працоўная сустрэча. У ёй прынялі ўдзел, між іншых, Рыад Аль-Малкі, міністр замежных спраў Палестыны і кс. прэлат Этторэ Балестрэра, падсакратар па адносінах з дзяржавамі, з боку Святога Пасаду. У спецыяльным паведамленні апублікаваным 31 студзеня паведамляецца, што бакі прадставілі свае пункты гледжання на некаторыя часткі будучага пагаднення, у прыватнасці на прэамбулу і першую главу дакумента. Перамовы прайшлі ў “адкрытай і сардэчнай атмасферы, што сведчыць аб дорых адносінах паміж Апостальскай Сталіцай і Палестынай”. Члены абодвух дэлегацый выразілі пажаданне, што “перамовы будуць паскоранымі і дойдуць да хуткага заканчэння”. Было прынята рашэнне, аб тым, што для працягу працы над пагаденнем сустрэнецца тэхнічная група. Акрамя таго, прадстаўнікі Палестынскай дзяржавы выразілі ўдзячнасць Святому Пасаду за ахвяраванне ў 100 тыс. еўра, якое пайшло на рэстаўрацыю даху базылікі Божага Нараджэння ў Бэтлееме.








All the contents on this site are copyrighted ©.