Цярпенні хрысціян Блізкага Усходу – тэма разважанняў Крыжовага Шляху ў Калізеі
Тэксты разважанняў
Крыжовага Шляху ў рымскім Калізеі, які пройдзе 29 сакавіка, у Вялікую Пятніцу, з удзелам
Бэнэдыкта ХVI, будуць прысвечаны цярпенню народаў Блізкага Усходу, заявіў кс. Туфік
Бу Хадзір, каардынатар камісіі па справах моладзі Мараніцкага Патрыярхату ў Ліване.
29 студзеня Святы Айцец даручыў напісанне медытацый ліванскаму кардыналу Раі, які
ў сваю чаргу абраў для супрацоўніцтва некалькіх прадстаўнікоў ліванскай моладзі. Паводле
кіраўніка моладзевай камісіі, гэта яшчэ адно сведчанне ўважлівага стаўлення Пантыфіка
да Лівана і ўсіх краін Блізкага Усходу. Кс. Хадзір прызнаўся, што натхненнем для аўтараў
сёлетніх разважанняў Крыжовага Шляху ў Калізеі сталі словы Бэнэдыкта ХVI падчас яго
нядаўняга падарожжа ў Ліван, калі Святы Айцец заклікаў не баяцца адкрыцца на Хрыста,
бо толькі ў Ім можна знайсці сілы і мужнасць, каб ісці наперад па шляху жыцця і перамагаць
цяжкасці і пакуты. “У разважаннях пра цярпенні нашай зямлі і яе народаў, мы не можам
не думаць аб месцы, у якім праходзіць Крыжовы Шлях, аб рымскім Калізеі, які стаў сведкам
смерці шматлікіх абгавораных і пераследаваных хрысціян; таму што, гэта адбываецца
і сёння ў многіх частках свету”, - прызнаўся ліванскі святар.