2013-01-30 12:16:06

Святы Пасад і Ізраіль асягнулі значны прагрэс у перамовах


RealAudioMP3 Святы Пасад і Ізраіль правялі 29 студзеня двухбаковую сустрэчу, падчас якой адбылося “сур’ёзнае і канструктыўнае” абмеркаванне эканамічных і падатковых пытанняў адносна Каталіцкага Касцёла ў Святой Зямлі. У сумеснай заяве Двухбаковай пастаяннай рабочай камісіі гаворыцца аб “значным прагрэсе” у імкненні да заключэння пагаднення. Дэлегацыю Святога Пасаду ўзначаліў падсакратар па адносінах з дзяржавамі кс. прэлат Этторэ Балестрэра.

Ізраільскія СМІ паведамляюць, што бакі дасягнулі прарыву ў перамовах, якія працягваюцца з 1999 г. і не выключана, што на наступным пасяджэнні камісіі, якое адбудзецца летам у Ватыкане, ужо будзе складзены выніковы варыянт пагаднення. Сярод іншага, Ізраіль пагадзіўся вызваліць ад выплаты падаткаў касцёльныя ўстановы, якія не займаюцца эканамічнай дзейнасцю. Таксама было дасягнута пагадненне аб тым, што касцёльныя землі ў Капернауме, на Гары Благаслаўленняў, каля касцёла Звеставання ў Назарэце і яшчэ ў двух месцах не будуць адчужаны для правядзення інфраструктурных работ. У той жа час, пры ўзгадненні са Святым Пасадам, яны могуць быць выкарыстаны ў мэтах забеспячэння грамадскай бяспекі ў крызісных сітуацыях. Пытанне адчужэння касцёльных зямель у іншых месцах, паводле ізраільскіх медыя, усё яшчэ застаецца адкрытым.








All the contents on this site are copyrighted ©.