2013-01-30 11:11:52

Сапраўдная магутнасць – у здольнасці адказваць на зло дабром


RealAudioMP3 У чым праяўляецца айцоўства і ўсемагутнасць Бога? Адказу на гэта пытанне прысвяціў сваю катэхезу падчас агульнай аўдыенцыі 30 студзеня Бэнэдыкт XVI. Разважаючы над словамі “Веру ў Бога Айца Усемагутнага” з Сімвалу веры, Пантыфік заўважыў, што ў нашу эпоху становіцца ўсё складаней размаўляць на тэму айцоўства. Паводле Папы, спакойным і канструктыўным адносінам паміж айцамі і дзецьмі перашкаджаюць шматлікія фактары: разбітыя сем’і, празмерная занятасць працай і клопатам аб сямейным бюджэце, уплыў СМІ. “Камунікацыя, часам, становіцца складанай, давер памяншаецца і адносіны з айцом могуць стаць праблематычнымі”, - адзначыў Святы Айцец. Наступствам гэтага, лічыць Бэнэдыкт XVI, становяцца складанасці сучаснага чалавека з уяўленнем Бога як Айца, якому можна давяраць. На думку Пантыфіка, тут можа прыйсці на ратунак біблійнае Аб’яўленне. Яно дапамагае пераадолець гэтыя цяжкасці ў адносінах з Богам праз ясны вобраз таго, што на самой справе азначае быць “айцом”. “Асабліва Евангелле адкрывае нам аблічча Бога як Айца, Які любіць нас да такой ступені, што дорыць свайго Сына дзеля збаўлення людзей”, - сказаў Бэнэдыкт XVI. Бог настолькі добры ў адносінах да нас, што “можна заўсёды, без страху і з поўным даверам, аддавацца Яго айцоўскаму прабачэнню, нават калі памылімся на шляху”, - дадаў Папа. “Вера дае нам упэўненасць, якая становіцца надзейнай скалой для пабудовы нашага жыцця: мы можам перажыць любыя моманты цяжкасцяў і небяспекі, досведу цемры крызісу і болю, падтрыманыя даверам да Бога, Які ніколі не пакіне нас адных, будзе заўсёды разам, каб збавіць нас і даць жыццё”, - сказаў Святы Айцец.

Паводле Бэнэдыкта XVI, Бог Айцец упоўні адкрыў сваё аблічча ў Езусе Хрысце, таму “вера ў Бога Айца патрабуе веры ў Яго Сына, (...) прызнаючы ў крыжы, які збаўляе, канчатковае адкрыццё Божай любові”.

“Але мы можам спытацца: як можна думаць аб Усемагутным Богу гледзячы на крыж Хрыста? Мы хочам бачыць Божую ўсемагутнасць паводле нашых ментальнасных схемаў і жаданняў: хочам бачым “усемагутнага” Бога, Які вырашае нашы праблемы, Які ўмешваецца, каб пазбавіць нас цяжкасцяў, Які перамагае ўсе варожыя сілы, змяняе рух падзей і знішчае боль. Так, перад абліччам зла і пакут, для многіх становіцца праблемай верыць у Бога Айца і Яго ўсемагутнасць; некаторыя шукаюць прытулку ў ідалах, паддаюцца спакусе знаходзіць адказ у веры ва ўсемагутнасць магіі і яе ілюзорныя абяцанні”, - звярнуў увагу Папа.

Бэнэдыкт XVI адзначыў, што усемагунтасць Бога іншая – “яна выражаецца ў любові, міласэрнасці, прабачэнні, у пазіцыі, якая толькі падаецца слабой”. “Толькі той, хто па-сапраўднаму магутны, можа пераносіць зло і праяўляць спагаду; толькі той, хто па-сапраўднаму магутны, можа ўпоўні праявіць сілу любові”, - падкрэсліў Папа. Паводле яго, сапраўдная, аўтэнтычная і дасканалая Боская магутнасць заключаецца ў здольнасці адказваць на зло дабром, на абразы – прабачэннем, на забойчую нянавісць – любоўю, якая дае жыццё”.








All the contents on this site are copyrighted ©.