2013-01-30 14:32:50

Ватыканскі іерарх: захаваць сакральны сэнс святаў


RealAudioMP3 Сакральная каштоўнасць свята замяняецца простай забавай, звязанай са спажывецтвам. На гэты трывожны факт звярнуў увагу арцыбіскуп Рына Фізікела, старшыня Папскай рады па новай евангелізацыі, на старонках “L’Osservatore Romano”. Іерарх адзначыў, што страта сэнсу святаў пераўтварылася ў культурны феномен, які патрабуе пэўных канкрэтных дзеянняў. “Памяці аб падзеях, якія абазначылі жыццё цэлых пакаленняў, ствараючы гісторыю, сёння супрацьстаіць пыха і хітрасць тых, хто хоча лепш прадаваць свой прадукт дзеля большага прыбытку”, - адзначыў арцыбіскуп Фізікела.

У якасці прыкладу іерарх расказаў гісторыю, якая з ім здарылася падчас прагулкі па Нью-Ёрку. Ён зайшоў у адну з крам на Вашынгтон-сквер і калі плаціў за набыты тавар, прадавец прапанавала яму аддаць рэшту на карысць дабрачыннай ініцыятывы, якую спансіравала сетка супермаркетаў. Арцыбіскуп спытаўся, якая мэта гэтай ініцыятывы і калі ўпэўніўся, што яна добрая, аддаў грошы. Калі развітваўся, іерарх сказаў “Merry Christmas!” (Шчаслівага Божага Нараджэння), але ў адказ пачуў “Happy holidays!” (Добрых святаў). Тады ён усміхнуўся і паўтарыў “Merry Christmas!”. Hашто зноў пачуў “Happy holidays!”. Арцыбіскуп спытаўся: “З якой нагоды ў вас будуць канікулы?”. “З нагоды Божага Нараджэння”, - адказала прадавец. “Чаму тады, вы мне не пажадаеце шчаслівага Божага Нараджэння?”, - правакуючы спытаўся іерарх. На гэта супрацоўніца крамы прамовіла ціхім голасам: “У нас нельга гэтага казаць”. Паводле арцыбіскупа Фізікелы, гэты выпадак не выключэнне. Тым, хто мае сумненні, ён прапанаваў паспрабаваць знайсці ў Нью-Ёрку паштоўку з надпісам “Merry Christmas”.

Паводле іерарха, “сёння мы маем вялікую адказанасць – перадаць будучым пакаленням багатую культурную спадчыну, якую самі атрымалі”. Ён адзначыў, што сэнс свята і каштоўнасць, якую надае ім вера, належаць да гэтай спадчыны.








All the contents on this site are copyrighted ©.