2013-01-30 12:49:07

Амерыканцы дапамогуць Касцёлу ва Усходняй Еўропе


RealAudioMP3 Штогадовая акцыя па збору сродкаў на дапамогу Касцёлу ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе будзе праведзена ў большасці парафій ЗША 13 лютага, у Папяльцовую сераду. Сабраныя сродкі будуць накіраваныя на душпастырскія, асветніцкія і будаўнічыя праекты у краінах, якія некалі знаходзіліся “пад савецкім кантролем”, паведамілі ў субкамітэце епіскапату Злучаных Штатаў па дапамозе Касцёлу ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Сёлетняя акцыя носіць назву “Аднаўляючы Касцёл, будуем будучыню”. У гэтым годзе асаблівы акцэнт падчас дапамогі будзе пакладзены на ўмацаванне каталіцкай адукацыі і інтэлектуальнага жыцця, семінарыйную фармацыю і выхаванне новых лідэраў.

Епіскапат ЗША ужо на працягу доўгіх гадоў дапамагае Касцёлу ў 27 краінах Еўропы, у якіх, “хоць і назіраецца эканамічны прагрэс, многія дыяцэзіі застаюцца ў беднасці, якая з’яўляецца наступствам камунізму. Узнікшыя праблемы, звязаныя з секулярызмам, вызначылі запатрабаванасць у буйных інвестыцыях, звязаных з выхаваннем наступнага пакалення кіраўнікоў Касцёла”, - адзначаецца ў заяве Канферэнцыі Біскупаў Злучаных Штатаў. У некаторых краінах рэгіёну зноў паўсталі пагрозы для свабоды веравызнання, а павольнае аднаўленне эканомікі ў рэгіёне перашкаджае здольнасці Касцёла выконваць сваю душпастырскую місію, адзначылі біскупы ў звароце да амерыканскіх вернікаў.

У 2012 г. амерыканскім епіскапатам было выдаткавана 5,9 млн. долараў ЗША ў выглядзе грантаў у 24 з 27 краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы для падтрымання шырокага спектру душпастырскіх і будаўнічых праектаў. Сума сабраных у мінулым годзе сродкаў вырасла, нягледзячы на неспрыяльныя эканамічныя ўмовы ў ЗША.







All the contents on this site are copyrighted ©.