2013-01-27 12:28:37

Папа перад “Анёл Панскі”: нядзеля вучыць нас слухаць (поўны тэкст)


RealAudioMP3 Аб сэнсе нядзелі запрасіў задумацца Бэнэдыкт XVI вернікаў, сабраных 27 студзеня на плошчы св. Пятра. У сваіх разважаннях перад малітвай “Анёл Панскі” Святы Айцец засяродзіўся на нядзельнай Літургіі слова. Пантыфік нагадаў, што нядзеля, гэта асаблівы дзень, які варта і трэба прысвяціць сабе і сваім бліжнім, перш за ўсё сям’і. Але цэнтральнае месца ў гэты дзень павінна займаць Эўхарыстыя. Яшчэ адной рысай, якую развівае ў чалавеку нядзельны дзень, з’яўляецца здольнасць слухаць – сябе, іншых, але перш за ўсё Бога, які прыходзіць да нас у сваім Слове. Нядзельная літургія, паводле Святога Айца, становіцца “школай” слухання Бога. “Сённяшняя літургія дэманструе нам, аб’яднаныя разам, дзве асобныя часткі Евангелля паводле св. Лукі. - заўважыў Бэнэдыкт XVI, - Першая (1,1-4) з’яўляецца пралогам, адрасаваным нейкаму “Тэафілу”. Паколькі гэта імя ў перакладзе з грэчаскай мовы азначае “Божы сябар”, мы можам убачыць у ім кожнага верніка, які адкрывае сябе Богу і хоча дзяліцца Евангеллем. Другі ўрывак (4,14-21), у сваю чаргу, дэманструе нам Езуса, што “у моцы Духа” адправіўся ў суботу ў сінагогу ў Назарэце.

Добра прыгледзеўшыся, можна ўбачыць, што Пан не пазбягае штотыднёвага літургічнага рытму і далучаецца да сходу сваіх суайчыннікаў для малітвы і слухання Святога Пісання. Рытуал уключае ў сябе чытанне тэксту Торы і Прарокаў, а затым каментар. У гэты дзень Езус устаў чытаць і знайшоў урывак з прарока Ісаі, які пачынаецца: “Дух Пана на Мне; бо Ён намасціў Мяне абвяшчаць добрую навіну ўбогім” (61,1-2). Арыген каментуе гэта такім чынам: “Гэта не супадзенне, што Ён адкрыў кнігу і знайшоў урывак з прароцтвам аб Ім самім, гэта была справа Божага Провіду” (Гаміліі да Евангелля паводле Лукі, 32, 3). Езус жа, пасля чытання, у цішыні, поўнай увагі, сказаў: “Сёння споўніліся гэтыя словы Пісання, якія вы чулі” (Лк 4,21). Св. Кірыл Александрыйскі кажа, што “сёння”, размешчанае паміж першым і канчатковым прышэсцем Хрыста, звязана са здольнасцю вернікаў слухаць і навяртацца (гл. PG 69, 1241). Але ў сэнсе яшчэ больш радыкальным сам Езус з’яўляецца гэтым “сёння” збаўлення ў гісторыі, таму што яно завяршае паўнату адкуплення. Слова “сёння”, вельмі дарагое для св. Лукі (гл. 19,9; 23,43), вяртае нас да хрысталагічнага тытулу, адметнага для Евангеліста – “Збаўца” (sōtēr). Ужо ў апавяданні аб дзяцінстве ён прысутнічае ў словах анёла да пастухоў: “Сёння ў горадзе Давіда нарадзіўся для вас Збаўца, Хрыстус Пан” (Лк 2,11).

Дарагія сябры, гэты евангельскі фрагмент адносіцца таксама да нашага “сёння”. Перш за ўсё, гэта прымушае нас задумацца аб нашым ладзе жыцця ў нядзелю: дні для адпачынку і сям’і, але перш за ўсё, дні прысвечаным Пану праз удзел у Эўхарыстыі, у якой мы сілкуемся Целам і Крывёю Хрыста і Яго Словам жыцця. Па-другое, у наш рассеяны і безуважлівы час, гэта Евангелле заклікае нас спытаць сябе аб нашай здольнасці слухаць. Перш, чым магчы казаць пра Бога і з Богам, мы павінны слухаць Яго, і літургія Касцёла з’яўляецца “школай” гэтага слухання Пана, Які размаўляе з намі. Нарэшце, кажа нам, што кожны момант можа стаць сапраўдным “сёння” нашага навяртання. Кожны дзень (kathēmeran) можа стаць збаўчым “сёння”, паколькі збаўленне – гэта гісторыя, якая працягваецца для Касцёла і для кожнага вучня Хрыста. Менавіта гэта хрысціянскі сэнс “carpe diem”: выкарыстаць дзень, у які Бог кліча цябе, каб даць табе збаўленне!

Дзева Марыя застаецца заўсёды нашай мадэллю і спадарожніцай у распазнанні і прыняцці кожны дзень нашага жыцця прысутнасці Бога, нашага Збаўцы, і ўсяго чалавецтва”, - закончыў Папа.

Пасля марыйнай малітвы Бэнэдыкт XVI звярнуўся да сабраных на плошчы св. Пятра вернікаў на некалькіх еўрапейскіх мовах. Па-польску Святы Айцец выказаў свае спачуванні ў сувязі са смерцю кардынала Юзэфа Глемпа, арцыбіскупа Варшаўскага і Прымаса Польшчы на пенсіі. “Сёння я яднаюся з Касцёлам у Польшчы ў малітве падзякі за жыццё і служэнне памерлага кардынала Прымаса Юзэфа Глемпа”, - сказаў Папа. Па-італьнску Пантыфік прывітаў некалькі тысяч дзяцей з рымскага аддзялення руху “Каталіцкая акцыя”.







All the contents on this site are copyrighted ©.