2013-01-27 13:34:30

Папа выказаў блізкасць да пакутуючых ад праказы


RealAudioMP3 Штогод у апошнюю нядзелю студзеня адзначаецца Сусветны дзень барацьбы з праказай. Яго мэта – прыцягнуць увагу да праблемы не толькі медыцынскай, але і шырокай сусветнай грамадскасці, органаў адміністрацыйнага кіравання, грамадскіх арганізацый, дзелавых колаў, дабрачынных фондаў, рэлігійных супольнасцяў і прыватных асоб. 27 студзеня Бэнэдыкт XVI нагадаў аб абавязку хрысціян клапаціцца аб хворых, асабліва церпячых на цяжкія захворванні, такія, як праказа. “Я выказваю сваю блізкасць да тых, хто пакутуе ад гэтага захворвання і падтрымліваю даследчыкаў, медыцынскіх спецыялістаў і валанцёраў, асабліва тых, якія з’яўляюцца членамі каталіцкіх арганізацый і “Асацыяцыі сяброў Рауля Фалеро”. Я прашу для ўсіх духоўнай падтрымкі св. Дам’яна дэ Вестэр і св. Мар’яны Коуп, які прысвяцілі сваё жыццё людзям, пакутуючым ад праказы”, - сказаў Пантыфік да сабраных на плошчы св. Пятра 27 студзеня.

Толькі ў 2011 г. у свеце было зафіксавана 220 тыс. выпадкаў новых захворванняў на праказу. Па словах арцыбіскупа Зыгмунта Зімоўскага, старшыні Папскай рады пастырства работнікаў сферы аховы здароўя, новыя выпадкі захворванняў сведчаць аб недастатковым доступе людзей да сродкаў дыягностыкі, недастатковай адукацыі і аб вялікай патрэбе гігіенічна-санітарных дзеянняў.







All the contents on this site are copyrighted ©.