2013-01-26 12:23:45

Бэнэдыкт XVI да касцёльных суддзяў: крызіс веры прывёў да крызісу сужэнства


RealAudioMP3 З нагоды інаўгурацыі новага судовага году ў Трыбунале Рымскай Роты, якая прайшла 26 студзеня, Бэнэдыкт XVI сустрэўся з супрацоўнікамі гэтай установы Святога Пасаду. У сваім звароце да іх Папа прапанаваў сваё разважанне аб некаторых аспектах сувязі паміж верай і сакрамэнтам сужэнства. Пантыфік падкрэсліў, што “актуальны крызіс веры (...) нясе з сабой таксама крызіс сужэнскага саюзу, з усімі пакутамі і разбуральнасцю, якія ён прычыняе дзецям”. У першую чаргу, Бэнэдыкт XVI нагадаў, што, хоць для сапраўднасці сакрамэнту сужэнства паміж мужчынам і жанчынай, іх асабістая вера не з’яўляецца першаўмовай, тут галоўную ролю грае “інтэнцыя рабіць тое, што робіць Касцёл”, на думку Святога Айца, немагчыма цалкам раздзяляць гэтыя два аспекты. Ён заклікаў касцёльных суддзяў глыбей паразважаць па гэтай праблеме. Іншае пытанне, на якое звярнуў увагу Папа – гэта распаўсюджанае сёння скептычнае стаўленне да здольнасці чалавека будаваць сувязі на ўсё жыццё. Бэнэдыкт XVI адзначыў, што не рэдка яны лічацца абмежаваннем для свабоды і самарэалізацыі чалавека. “Часткай распаўсюджанай ментальнасці з’яўляецца меркаванне, што чалавек становіцца самім сабой, застаючыся “незалежным” і ўваходзячы ў кантакт з іншымі толькі праз адносіны, якія можна закончыць у любы момант”, - заўважыў Папа. Аднак, паводле яго, магчымасць злучаць сябе непарыўнай сувяззю з’яўляецца глыбокай чалавечай адметнасцю, а зразумець гэта дапамагае вера. У сваю чаргу, “не прыняцце боскай прапановы, на самой справе, вядзе да глыбокай нераўнавагі ў чалавечых адносінах як такіх”.

Трэці аспект, на які звярнуў увагу Бэнэдыкт XVI – гэта важнасць веры для аўтэнтычнай рэалізацыі “сужонскага дабра”, якое заключаецца ў пастаянным жаданні дабра бліжняму – у любові. “Толькі праз полымя любові, Евангелле не застаецца простым словам, але становіцца жыццёвай рэальнасцю”, - сказаў Папа.








All the contents on this site are copyrighted ©.