2013-01-24 14:38:32

Папа спачувае ў сувязі са смерцю польскага кардынала


RealAudioMP3 Бэнэдыкт ХVI выказаў свае спачуванні ў сувязі са смерцю кардынала Юзэфа Глемпа, арцыбіскупа Варшаўскага і Прымаса Польшчы на пенсіі. У спецыяльнай тэлеграме Святы Айцец засведчыў сваю блізкасць духавенству і вернікам Польшчы. Пантыфік адзначыў, што кардынал Глемп рэалізаваў у сваім жыцці прыклад св. Юзэфа, здолеўшы пачуць Божы заклік, скіраваны не толькі да яго асабіста, але і да грамадства. “Такая справядлівасць, поўная пакорнай адданасці Божай волі, стала асновай яго глыбокай любові да Бога і чалавека, якая была святлом, натхненнем і сілай у цяжкім служэнні кіравання Касцёлам падчас вялікіх сацыяльных і палітычных перамен, што адбыліся ў Польшчы і Еўропе”, - напісаў Пантыфік.

Святы Айцец адзначыў у сваёй тэлеграме, што любоў кардынала Глемпа да Бога і Касцёла, яго клопат пра жыццё і годнасць кожнага чалавека, сталі асновай яго станаўлення як апостала адзінства, а не падзелаў, згоды, а не канфрантацыі. Папа падкрэсліў, што памерлы іерарх з вялікай развагай падыходзіў да вырашэння многіх пытанняў і праблем у палітычным, грамадскім і рэлігійным жыцці. “На апошнім этапе свайго жыцця ён спазнаў цярпенні, якія нёс з радасцю. Ён і падчас гэтага досведу застаўся сведкам даверу да дабрыні і любові усемагутнага Бога”, - напісаў Бэнэдыкт ХVI. Папа прызнаўся, што вельмі цаніў шчырую дабрыню, прастату, адкрытасць і адданасць кардынала Глемпа. “Такім ён застанецца ў маёй памяці і малітве”, - напісаў Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.