2013-01-24 12:46:52

Кардынал Тарксан: Мір з’яўляецца плёнам адносін чалавецтва з Богам


RealAudioMP3 Кардынал Пітэр Тарксан, старшыня Папскай рады “Iustitia et Pax”, скіраваў спецыяльнае пасланне з нагоды V Міжнароднага дня малітваў за мір у Святой Зямлі, які будзе адзначацца 27 студзеня. Іерарх нагадаў, што імкненне да міру супадае з жаданнем усебаковага развіцця ўсіх і кожнага. “Мір з’яўляецца плёнам адносін чалавецтва з Богам”, - дадаў ён. Паводле кардынала Тарксана, адносіны чалавека з Богам спрыяюць лепшым адносінам паміж чалавекам і інстытутамі, яго маральнасці і культуры, каштоўнасцям і гуманізму. “Сапраўдныя будаўнікі міру – гэта тыя, хто любіць жыццё і служыць яму, ва ўсёй яго паўнаце і вымярэннях: асабістым, грамадскім, трансцэндэнтным”, - адзначыў старшыня Папскай рады “Iustitia et Pax”. Кардынал лічыць, што адным з заданняў новай евангелізацыі з’яўляецца выхаванне да міру. Ён падкрэсліў, што Касцёл заўсёды блізкі да тых, хто апынуўся ў патрэбе, і прапанаваў рэцэпт міру, які, паводле іерарха, заключаецца ў будаванні жыцця на Евангеллі і наследаванні Езуса.

Ініцыятыву Міжнароднага дня малітваў за мір у Святой Зямлі падтрымалі на ўсім свеце больш за 3 тыс. гарадоў.








All the contents on this site are copyrighted ©.