Бэнэдыкт XVI: сацыяльныя сеткі – гэта не паралельны свет
“Лічбавая прастора
– гэта не паралельны або цалкам віртуальны свет, але частка штодзённай рэальнасці
многіх людзей, асабліва моладзі”, - адзначыў Бэнэдыкт XVI у сваім Пасланні на Сусветны
дзень масавай камунікацыі, якое было апублікавана 24 студзеня. Яго тэма: “Сацыяльныя
сеткі: дзверы праўды і веры. Новыя прасторы для евангелізацыі”. У ім Папа засяродзіўся
на некаторых аспектах, якія тычацца выкарыстання гэтай прылады камунікацыі для распаўсюджвання
Добрай Навіны. Святы Айцец адзначыў, што сацыяльныя сеткі адпавядаюць жаданням чалавечага
сэрца: будаванню адносін і сяброўства, пошуку адказаў на пытанні, забаве, дзяленню
кампетэнтнасцю і ведамі. Але адначасова яны ставяць выклікі перад тымі, хто хоча з
іх дапамогай казаць аб праўдзе і каштоўнасцях. “Часам стрыманы голас розуму можа заглушацца
гоманам празмернай інфармацыі”, - падкрэсліў Святы Айцец. Ён адзначыў, што ў такім
кантэксце “сацыяльныя медыі маюць патрэбу ў дзейнасці тых, хто ўсведамляе каштоўнасць
дыялогу, разважлівых дэбатаў і лагічнай аргументацыі”. Паводле Пантыфіка дыялог і
дэбаты могуць мець месца толькі тады, калі намі “усур’ёз успрымаюцца ідэі адрозныя
ад нашых”.
Бэнэдыкт XVI падкрэсліў, што сёння вернікі ўсё больш усведамляюць
неабходнасць абвяшчэння Добрай Навіны ў інтэрнэце, бо інакш яна застанецца невядомай
для тых, каму важная гэта прастора. У Пасланні падкрэсліваецца неабходнасць сведчання,
якое можа ажыццяўляцца не толькі выразам сваёй веры, але і “манерай камунікацыі”.
Пантыфік нагадаў аб неабходнасці камунікацыі “выбараў, пераваг, меркаванняў, якія
маюць глыбокую ўзгодненасць з Евангеллем, нават калі аб ім не гаворыцца адкрыта”.
Паводле Святога Айца, асабліва важным сведчаннем, можа быць “жаданне падарыць самаго
сябе іншым праз гатоўнасць цярпліва і з павагай адказваць на іх пытанні і сумненні,
на шляху пошуку праўды і сэнсу чалавечага існавання”.