2013-01-23 12:20:44

Арцыбіскуп Чэллі: сацыяльныя сеткі радыкальна змянілі працэс евангелізацыі


RealAudioMP3 Рашэнне Бэнэдыкта XVI прысутнічаць у сацыяльных сетках мае на мэце зрабіць іх больш гуманнымі і ператварыць у “арэапаг трэцяга тысячагоддзя”, на якім трэба абвяшчаць Евангельскае слова, сказаў арцыбіскуп Клаўдыё Марыя Чэллі, старшыня Папскай рады па сродках масавай камунікацыі. Іерарх спаслаўся на тэму 47-га Сусветнага дня сродкаў камунікацыі: “Сацыяльныя сеткі: дзверы праўды і веры. Новыя прасторы для евангелізацыі”, які будзе адзначацца 12 мая. Мэта сёлетняга Дня – звярнуць увагу на тое, што прысутнасць у сацыяльных сетках павінна быць момантам праўды пра Бога і чалавека, каб адносіны, якія наладжваюцца ў іх і праз іх спрыялі развіццю чалавечых якасцяў, - адзначыў арцыбіскуп Чэллі ў інтэрв’ю сённяшняй “L’Osservatore Romano”. На яго думку, тут сур’ёзна могуць дапамагчы твіт-паведамленні Святога Айца. “Гэта “кроплі расы”, якія могуць наталіць смагу праўды і любові чалавека, які вандруе часта ў адзіноце па сваім шляху ў гісторыі”, - адзначыў старшыня ватыканскай дыкастэрыі.

Арцыбіскуп падкрэсліў, што новыя сродкі камунікацыі радыкальна змянілі спосаб евангелізацыі, аднак яе змест застаецца нязменным у любой сітуацыі. “Новыя тэхналогіі даюць толькі большыя магчымасці, але працэс евангелізацыі далей звязаны са сведчаннем Евангелля, з супольнасцю, якая яго прымае”,- адзначыў іерарх. Канешне, новыя сродкі камунікацыі дапамагаюць у пашырэнні прасторы евангелізацыі, аднак застаецца істотным асабісты ўдзел у гэтым працэсе, і таму шматлікія сродкі могуць быць карыснымі ў дасягненні гэтай мэты, дадаў ён. Па словах арцыбіскупа, з дапамогай сучасных тэхналогій мы павінны навучыцца даходзіць да розуму і сэрца сённяшняга чалавека, і толькі гэта мае значэнне.

Старшыня Папскай рады па сродках масавай камунікацыі адзначыў, што Святы Пасад ужо на працягу доўгага часу з увагай назірае за лічбавай культурай і спрабуе выкарастоўваць яе, вынікам чаго сталі шматлікія ініцыятывы, апошняя з якіх – “Твітэр” Папы. Асноўным заданнем, па словах арцыбіскупа Чэллі, застаецца імкненне, каб праз гэтыя каналы словы Святога Айца дайшлі да тых, хто не мае іншых магчымасцяў пачуць іх.








All the contents on this site are copyrighted ©.