2013-01-22 12:09:11

Святы Пасад і В’етнам на шляху да поўнай нармалізацыі адносін


RealAudioMP3 Аўдыенцыя Святога Айца для Генеральнага сакратара Камуністычнай партыі В’етнама Нгуэн Фу Чонга 22 студзеня – гэта ўжо чацвёртая сустрэча Пантыфіка з высокапастаўленым членам в’етнамскага рэжыму ў апошні перыяд. Бэнэдыкт XVI прымаў 11 снежня 2009 г. Прэзідэнта В’етнама Нгуэн Мінь Чыета, а ў 2007 г. прэм’ер-міністра гэтай краіны Нгуэн Тан Зунга. Пасля першай сустрэчы, якая доўжылася каля 40 хв., у афіцыйным паведамленні Святога Пасаду гаварылася пра “важную веху ў развіцці двухбаковых адносін”, і аб тым, што “невырашаныя пытанні могуць быць вырашаны як мага хутчэй”. У заяве таксама падкрэслівалася, што “гэта быў першы выпадак, калі Прэзідэнт Сацыялістычнай Рэспублікі В’етнам сустрэўся з Яго Святасцю і высокімі прадстаўнікамі Дзяржаўнага сакратарыяту”. І, нарэшце, у заяве было сказана, што: “сардэчныя перамовы далі магчымасць закрануць некаторыя пытанні, якія тычацца супрацоўніцтва паміж Касцёлам і дзяржавай”.

Візіт прэм’ер-міністра В’етнама Нгуэн Тан Зунга ў Ватыкане, 25 студзеня 2007 г., быў азнаменаваны аднаўленнем кантактаў паміж Святым Пасадам і В’етнамам, якія спыніліся ў 1975 г. пасля падзення Сайгона. Тым не менш, на працягу гэтых 32 гадоў адбылося нямала – больш за 20 – візітаў іерархаў Рымскай курыі і высокага ўзроўню ватыканскіх дэлегацый. Яны прымалі ўдзел у мерапрыемствах, арганізаваных мясцовым Касцёлам, а таксама сустракаліся з прадстаўнікамі дзяржаўнай улады.

Самым першым з высокіх в’етнамскіх функцыянераў, пасля 32-гадовага перыяду спынення кантактаў, Ватыкан наведаў намеснік прэм’ер-міністра Хаанг Ву, 29 лістапада 2002 г. Ён сустрэўся з тагачасным кардыналам Дзяржсакратаром Анджэла Садана і сакратаром па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі, тады яшчэ арцыбіскупам, Жан-Луі Таранам.

Вынікам усіх гэтых сустрэч стала прызначэнне Бэнэдыктам XVI 13 студзеня 2011 г. арцыбіскупа Леапольда Джырэллі папскім прадстаўніком у В’етнаме.

Такім чынам, сённяшні візіт Генеральнага сакратара Камуністычнай партыі В’етнама можна разглядаць у якасці новага вырашальнага этапу на шляху да поўнай нармалізацыі адносін паміж Святым Пасадам і Сацыялістычнай Рэспублікай В’етнам.







All the contents on this site are copyrighted ©.