2013-01-22 12:53:25

Малітва ў Псалтыры стане тэмай рэкалекцый Рымскай курыі


RealAudioMP3 Кардынал Джанфранка Равазі, старшыня Папскай рады па культуры, паведаміў, што велікапостныя духоўныя практыкаванні для Святога Айца і членаў Рымскай курыі, якія ён правядзе, пройдуць на тэму: “Мастацтва малітвы, мастацтва веры. Аблічча Бога і чалавека ў малітве псальмаў”. Іерарх адзначыў, што прыняў такое рашэнне, таму што менавіта ў Псалтыры ідэальным чынам адлюстравана аблічча Бога і чалавека. Божае Аб’яўленне не з’яўляецца маналогам з боку Бога; гэта дыялог, у якім павінен прагучаць адказ з боку чалавека, звярнуў увагу кардынал Равазі. Менавіта дыялог, як лейтматыў, прасочваецца ў тэкстах псальмаў, таму для велікапостных разважанняў былі абраныя менавіта яны, дадаў ён. “Натхняць, думаць, змагацца і любіць” – гэта ключавыя словы рэкалекцый, якія адбудуцца ў Ватыкане 17-23 лютага. Менавіта такім чынам можна ахарактэрызаваць размову з Богам, па словах старшныні ватыканскай дыкастэрыі. Ён прызнаўся, што пастараецца звярнуць увагу на ўсе аспекты малітвы, у тым ліку фізічны, так званую малітву цела. Маліцца – значыць думаць аб сэнсе жыцця, дзякаваць за жыццё, лічыць кардынал Равазі, а сама малітва – гэта скрыжаванне дыялогаў, “мова любові і містыкі”, перакананы ён.








All the contents on this site are copyrighted ©.