2013-01-21 14:16:54

Папе прадставілі ягнят ва ўспамін св. Агнешкі


RealAudioMP3 21 cтудзеня, у літургічны ўспамін св. Агнешкі, у капэле Урбана VIII у Апостальскім палацы, Бэнэдыкту ХVI прадставілі двух ягнят, з воўны якіх будуць зроблены паліі для абвешчаных у перыяд ад ліпеня 2012 г. арцыбіскупаў Мітрапалітаў. Іерархі атрымаюць іх 29 чэрвеня 2013 г., ва ўрачыстасць святых Пятра і Паўла. Палій (лац. pallium) – гэта элемент літургічнага адзення ў выглядзе вузкай стужкі з белай авечай воўны з вышытымі чорнаю воўнаю крыжамі; на канцах – з абшытымі чорным шоўкам кавалачкамі свінца. Насіць палій мае права Святы Айцец, а таксама адзначаныя асаблівым гонарам іерархі Касцёла. Палій Святога Айца сімвалізуе паўнату яго ўлады, палій арцыбіскупаў Мітрапалітаў – паслухмянасць Папе і іх асаблівую блізкасць да Святога Пасаду.

Самі ягняты з’яўляюцца сімвалам чысціні. Ягня – гэта таксама сімвал св. Агнешкі, рымскай дзяўчыны, якая, прагнучы цалкам прысвяціць сябе Хрысту, прыняла мучаніцкую смерць за веру. Штогод ў дзень успаміну св. Анешкі, якую заўсёды паказваюць на выявах з ягняткам на руках, Святому Айцу прыносяць двух благаслаўлёных папярэдне ягнят.








All the contents on this site are copyrighted ©.