22 студзеня Бэнэдыкт
ХVI прыйме на спецыяльнай аўдыенцыі Генеральнага сакратара камуністычнай партыі В’етнама
Нгуэна Фу Чонга. Аўдыенецыя для камуністычнага лідэра носіць выключны характар, звычайна
Святы Айцец прымае на аўдыенцыях кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў, рэдка палітычных лідэраў.
В’етнамскі палітык, абраны генсекам у 2011 г., у мінулым займаў адказныя пасады ў
сваёй краіне, быў між іншым спікерам парламента. Яму 68 гадоў. Закончыў Ханойскі ўніверсітэт
і навучаўся ў Савецкім Саюзе. В’етнам ніколі ў сваёй гісторыі не падтрымліваў поўных
адносін з Апостальскай Сталіцай. З 1925 г. у Ханоі існавала Апостальская дэлегатура,
якая не мела дыпламатычнага статусу. Пасля таго, як яе супрацоўнікі пад ціскам паўночна-в’етнамскіх
камуністычных уладаў былі вымушаны пакінуць Ханой, у 1957 г. дэлегатура пачала сваю
працу на поўдні краіны, у Сайгоне. Пасля заканчэння в’етнамскай вайны і захопу паўднёвага
В’етнаму камуністамі, дэлегатура на доўгі час пакінула краіну. Толькі ў 2011 г.,
пасля шматлікіх сустрэч паміж прадстаўнікамі Святога Пасаду і В’етнама, было вырашана,
што Апостальская Сталіца прызначыць свайго пастаяннага прадстаўніка па адносінах з
гэтай краінай, які будзе мець сваю сядзібу па-за межамі В’етнама. Гэту функцыю Бэнэдыкт
ХVI даручыў арцыбіскупу Леапольду Джырэллі.