2013-01-20 14:01:09

Удзельнікі Еўрапейскай сустрэчы моладзі памятаюць запавет Бэнэдыкта XVI


RealAudioMP3 Радасць, натхненне, пачуццё адзінства – вось што прывезлі беларускія ўдзельнікі Еўрапейскай сустрэчы моладзі, арганізаванай супольнасцю Тэзэ, да дому з Рыма, дзе праходізіў гэты форум. Некалькі дзён, праведзеных у Вечным горадзе ў навагоднія святы, здаліся маладым людзям сапраўднай казкай, успамінае Сяржук Федарук. “Але казка не таму, што там прыгожа і гэта новы для нас горад, але таму, што туды едуць людзі веруючыя або тыя, хто цікавіцца верай. І на такіх сустрэчах сціраюцца межы, асабліва на агульных малітвах. Гэта тое, што нас натхняе, калі мы вяртаемся да дому”, - адзначыў малады вернік.

36 груп, паўтары тысячы чалавек – менавіта столькі пілігрымаў з Беларусі ўдзельнічалі ў 35-й па ліку Еўрапейскай сустрэчы моладзі. Увогуле ў Рыме – сталіцы каталіцызму – яна была як ніколі маштабнай. Уразіла і колькасць людзей, і колькаць базылік, якія пілігрымы наведалі і, вядома, галоўная рымская базыліка – св. Пятра. Толькі яна змагла змясціць некалькі дзясяткаў тысяч пілігрымаў на сумесную малітву з папам Бэнэдыктам XVI, распавядае Анастасія Харкевіч. “Там быў такі момант, калі ўсе запалілі свечкі. Я залезла на заборчык і ўбачыла плошчу св. Пятра, якая была ўсыпана агеньчыкамі гэтых свечак. Я адчула прысутнасць Духа Святога і духа адзінства, зразумела, што я ёсць маленькая частка гэтай вялікай сям’і каталіцкай моладзі, зразумела, што я не адна, што нас шмат, і мы ўсе маладыя і можам нешта рабіць для Езуса. Разам.”

Менавіта малітва з Папам стала кульмінацыйным момантам сустрэчы. Падчас яе брат Алоіс, настаяцель экуменічнай супольнасці Тэзэ, адзачыў, што кожных год на такіх форумах збіраюцца католікі, праваслаўныя, пратэстанты, людзі з розных краін, якія размаўляюць на розных мовах. Але аб’ядноўвае ўсіх крыж і Святое Пісанне. І ўсе прыехалі, каб напоўніцца верай і ўмацаваць яе, кажа айцец Сяргей Трысцень, адзін з арганізатараў пілігрымкі ў Рым. “З любога падарожжа, якое напоўнена духоўнасцю і малітвамі, людзі прыязджаюць іншымі. Кожны, калі едзе, нешта плануе – убачыць, адчуць, аднак толькі Дух Святы можа нам паказаць тое, чаго мы і не чакалі. Таксама і на гэты раз заўважыў, што для многіх людзей гэта пілігрымка стала пераломным момантам у жыцці. Яны ехалі магчыма не заўсёды з пабожнымі мэтамі, аднак, дакрануўшыся, убачылі вялікую моц хрысціянскага свету і вярталіся перамененымі”.

Акрамя малітвы, маладыя людзі правялі дыскусіі, канферэнцыі па актуальных пытаннях духоўнага, сацыяльнага, культурнага жыцця, здейснілі шмат экскурсій па Рыме. І таксама зрабілі для сабе некалькі адкрыццяў, прызнаецца Юлія Мілашэўская. “Моцна ўразіла тое, што ведала з падручнікаў па гісторыі, што Пантэон – гэта храм усіх Багоў, а калі я ўбачыла там абраз Маці Божай, адчула моц, што Бог нават праз такія несвятыя месцы робіць іх святымі і робіць гэта на сваю хвалу”. Добра ўсе запомнілі і запавет Папы – некалькі слоў, якія назасёды застануцца ў сэрцы. “Папа сказаў – Вы агеньчыкі! Ідзіце і свяціце!”

Таксама беларускія ўдзельнікі сустрэчы прывезлі зерне сарго – іх перадала моладзь Афрыкі як сімвал яднання з еўрапейскай моладзю. Цяпер яны ўзрастаюць у юнакоў і дзяўчат, як узрастае і іх вера. Наступная сустрэча моладзі адбудзецца ў Страсбургу.

Ларыса Абрамчук, Мінск.







All the contents on this site are copyrighted ©.