2013-01-20 14:03:01

У Беларусі падтрымалі ініцыятыву малітвы за адзінства хрысціян


RealAudioMP3 19 студзеня ў мінскай архікатэдры адбылася экуменічная малітва, прымеркаваная да Тыдня малітваў за адзінства хрысціян. У набажэнстве разам з прадстаўнікамі Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, Беларускай Праваслаўнай Царквы і пратэстанцкіх супольнасцяў, удзел прыняў Апостальскі нунцый у Беларусі, арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці. На пачатку экуменічнай малітвы быў унесены крыж – знак мукі і смерці Хрыста, які аб’ядноўвае ўсіх хрысціян. Удзельнікаў набажэнства прывітаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які заклікаў прысутных шчыра маліцца аб тым, каб быць адзінымі з Езусам.

Прадстаўнік Беларускай Праваслаўнай Царквы протаіерэй Аляксандр Шымбалёў адзначыў, што сёння важна спыніцца і спытаць у сябе: “Чаго ад нас чакае Бог?”. “Бог ёсць Любоў і перш за ўсё чакае ад нас любові”, якая дапамагае забыцца аб тым, што нас адрознівае, памятаць только тое, што аб’ядноўвае, даў адказ святар. Пастар лютэранскай супольнасці ў Гродне Уладзімір Татарнікаў, адзначыў, што хрысціяне моцныя толькі разам перад рознымі выпрабаваннямі і выклікамі і, перш за ўсё, у супрацьстаянні граху. Арцыбіскуп Гуджэроцці адзначыў, што хрысціянскае прапаведванне будзе поўным толькі тады, калі поўню еднасці верне сам Бог.

На завяршэнне экуменічнага набажэнства ўсе прысутныя разам праспявалі гімн “Магутны Божа”.

Па матэрыялах catholic.by







All the contents on this site are copyrighted ©.