2013-01-20 13:38:57

Папа перад “Анёл Панскі”: грэх супраць адзінства нявечыць твар Касцёла (поўны тэкст)


RealAudioMP3 Бэнэдыкт XVI у сваім разважанні перад малітвай “Анёл Панскі” 20 студзеня заклікаў хрысціян да пераадолення ўсіх канфліктаў і імкнення да поўнага і бачнага адзінства. На думку Святога Айца, толькі такім чынам паслядоўнікі Хрыста змогуць даць адпаведны адказ на ўсе віды дыскрымінацыі і несправядлівасці ў свеце. Пантыфік нагадаў, што ў Касцёле пачаўся Тыдзень малітвы за адзінства хрысціян, час, калі паслядоўнікі Хрыста асаблівым чынам закліканы прасіць Бога, паказаць шляхі да еднасці, і самі імкнуцца зразумець, на чым палягае гэта еднасць. Папа выказаў смутак з прычыны таго, што яшчэ існуе шмат рознагалоссяў сярод хрысціян, якія перашкаджаюць ім аб’яднацца і разам сведчыць пра Збаўцу. Ён звярнуўся з заклікам маліцца за мір у свеце, што актуальна асабліва зараз, калі на ўсёй планеце ў розных канфліктах гінуць безабаронныя асобы. Бэнэдыкт XVI заклікаў канфліктуючыя бакі “знайсці ў сабе мужнасць уступіць у дыялог і перамовы”.

“Сёння літургія прапануе Евангелле, якое апавядае пра вяселле ў Кане Галілейскай. - нагадаў Пантыфік - Аб гэтай падзеі гаворыць Ян, сведка гэтага факту. Падзея гэта была змешчана ў літургіі нядзелі, якая наступае непасрэдна пасля перыяду Божага Нараджэння, таму што разам з пакланеннем трох Мудрацоў з Усходу і Хростам Езуса належыць да трылогіі Эпіфаніі або Аб’яўлення Хрыста. Вяселле ў Кане на самой справе палажыла “пачатак знакам” (Ян 2,11), тут адбыўся першы цуд Езуса, праз які Ён публічна засведчыў сваю хвалу, нараджаючы веру ў сваіх вучнях. Коратка нагадаем, што адбылося на вяселлі ў Кане Галілейскай. Не хапала віна, і Марыя, маці Езуса, звярнула на гэта ўвагу свайго сын. Ён адказаў, што яшчэ не надышла Яго гадзіна, але потым споўніў просьбу Марыі, і, пасля напаўнення вадой шасці вялікіх збаноў, ператварыў ваду ў віно, віно выдатнае, лепшае, чым папярэдняе. Праз гэты “знак” Езус аб’яўляе сябе ў якасці месіянскага Жаніха, які прыйшоў, каб заключыць са сваім народам новы і вечны Запавет, згодна са словамі прарокаў: “як жаніх радуецца нявесце, так узрадуецца табою твой Бог” (Іс 62, 5). Віно з’яўляецца сімвалам радасці любові, але яно сімвалізуе таксама кроў, якую Езус пралье ў канцы, каб прыпячатаць дамову любові з чалавецтвам.

Касцёл – гэта нявеста Хрыста, Які сваёй ласкай робіць яго святым і прыгожым. Тым не менш, гэта нявеста, што складаецца з чалавечых істот, пастаянна мае патрэбу ў ачышчэнні. Адным з самых сур’ёзных грахоў, якія нявечаць твар Касцёла, з’яўляецца грэх супраць яго бачнага адзінства, асабліва гістарычныя падзелы, што раздзялілі хрысціян, і яшчэ не цалкам пераадолены. Менавіта ў гэтыя дні, з 18 па 25 студзеня, адбываецца штогадовы Тыдзень малітваў за адзінства хрысціян. Гэта падзея заўсёды ахвотна перажываецца вернікамі і супольнасцямі, выклікаючы ва ўсіх жаданне духоўнага ўдзелу ў справе поўнага адзінства. Вельмі важным у гэтым кантэксце было малітоўнае чуванне, якое каля месяцу таму я перажываў разам з многімі тысячамі маладых людзей з усёй Еўропы і экуменічнай супольнасцю з Тэзэ: гэта была падзея ласкі, у якой мы атрымалі досвед прыгажосці будавання адзінства ў Хрысце. Я заклікаю ўсіх вас маліцца разам, каб мы змаглі асягнуць тое: “Што Бог чакае ад нас” (пар. Міх 6, 6-8), як гаворыць тэма сёлетняга Тыдня, прапанаваная некаторымі хрысціянскімі супольнасцямі Індыі. Яны заклікаюць да ўпэўненага імкнення да бачнага адзінства ўсіх хрысціян і пераадолення, як браты ў Хрысце, усіх відаў несправядлівай дыскрымінацыі. У бліжэйшую пятніцу, на заканчэнне гэтых дзён малітвы я ўзначалю Нешпары ў базыліцы св. Паўла за Мурамі ў прысутнасці прадстаўнікоў іншых Цэркваў і касцёльных супольнасцяў.

Дарагія сябры, да малітвы за адзінства хрысціян хацеў бы далучыць чарговы раз малітву за мір, каб у розных канфліктах, якія, на жаль, маюць зараз месца, спыніліся забойствы безабаронных грамадзянскіх асоб, спынілася рознага тыпу насілле і была знойдзена мужнасць уступіць у дыялог і перамовы. У абодвух гэтых інтэнцыях будзем прасіць заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі, пасрэдніцы ласк”, - сказаў Папа падчас свайго разважання.

Як заўсёды, пасля малітвы “Анёл Панскі”, Пантыфік звярнуўся да сабраных на плошчы св. Пятра пілігрымаў з кароткімі прамовамі на некалькіх еўрапейскіх мовах. Бэнэдыкт XVI запрасіў усіх быць вернымі Богу і любіць адзін аднаго, прызнаючы сябе братамі і сёстрамі ў Хрысце.







All the contents on this site are copyrighted ©.