Патрыярх Александрыйскі хоча працаваць на карысць прымірэння ў Егіпце
Новаабраны
Патрыярх Александрыйскі Ісаак Ібрагім Сідрак падзяліўся праблемамі, якія стаяць перад
католікамі краіны, і якія яны могуць вырашыць толькі ў супрацоўніцтве з Копцкай Праваслаўнай
Царквой. Паводле іерарха, католікі Егіпта павінны працаваць для паяднання і міру ў
краіне. Ён лічыць, што нядаўні выбар Тавадраса ІІ кіраўніком праваслаўных коптаў з’яўляецца
моцным знакам ад Бога, запрашаючым хрысціян да адзінства, і вялікай надзеяй для Егіпта.
“Мы сумесна будзем адказваць на складаныя выклікі, якія стаяць перад намі”, - сказаў
Патрыярх Сідрак. Іерарх не згодны з меркаваннем тых, хто сцвярджае, што Егіпет стаў
краінай, дзе хрысціяне не могуць працягваць жыць. Ён адзначыў, аднак, негатыўны ўплыў
некаторых краін Персідскага Заліву і Аравіі, што можа прывесці да скажэння традыцыйнага
аблічча егіпецкага іслама. “Гэтага баяцца не толькі хрысціяне, але і шматлікія мусульмане”,
- прызнаўся новы кіраўнік Копцка-Каталіцкай Царквы.
На думку іерарха, у апошнія
гады таксама хрысціянам стала ўласцівай “сектанцкая логіка”: яны пачалі замыкацца
ўнутры сваіх супольнасцяў і ствараць паралельны з існуючым свет. Некаторыя хрысціянскія
лідэры, напрыклад, пачалі заклікаць не мець ніякіх кантактаў з мусульманамі, бо гэта,
на іх думку, можа быць небяспечна, паведаміў Патрыярх. Такім чынам можна згубіць свабоду
і адкрытасць, характэрныя для вучняў Хрыста, якія не павінны баяцца страціць сваю
веру па віне іншых, патлумачыў іерарх, гаворчы аб перспектывах сваёй дзейнасці на
пасадзе Патрыярха Александрыйскага.