2013-01-19 10:16:30

Арцыбіскуп Мюлер пра “інтымную сувязь” паміж дагматыкай і экзэгетыкай


RealAudioMP3 Адным з пасланняў апошняй кнігі Бэнэдыкта XVI, прысвечанай дзяцінству Езуса, з’яўляецца перакананне, што Бога можна пазнаць у свеце і ў гісторыі, адзначыў арцыбіскуп Герхард Людвіг Мюлер. Ён правёў аналіз твору Святога Айца на старонках сённяшняга выдання ватыканскай газеты. На яго думку, Папа спрабуе аднавіць “інтымную сувязь адзінства” паміж дагматыкай і экзэгетыкай і супрацьпастаўляе яе “дуалістычнай апазіцыі” рацыяналізму і эмпірызму ў сучаснай філасофіі. Іерарх прызнае, што пазнанне чалавека “заўсёды мае гісторыка-эмпірычную арыентацыю”, але ў той жа час заўсёды перавышае тое, што можа быць знойдзена “чыста пазітывісцкім чынам”. Чалавек заўсёды адкрыты для трансцэндэнтнага ў кожнай рэальнасці, перакананы прэфект Кангрэгацыі Веравучэння і вядомы тэолаг.

На старонках сваёй кнігі Святы Айцец вельмі пераканаўча заяўляе, што “уцелаўленне Слова, і зачацце Езуса як чалавека ад Духа Святога, гэта не міф, і тым больш, не біялагічны рарытэт, але гістарычная праўда”, - звярнуў ўвагу арцыбіскуп Мюлер. Для таго, хто верыць, што Бог мае ўладу над матэрыяй, няма праблемаў “разумна верыць” ва уцелаўленне Слова ў Панне Марыі, ва ўваскрасенне цела Хрыста і перамену хлеба і віна ў Цела і Кроў Хрыста ў таямніцы алтара, перакананы нямецкі тэолаг. “Калі некаторыя скептыкі пытаюцца мяне, ці я сапраўды думаю, што Адзінародны Сын Божы быў зачаты ад Духа Святога і нарадзіўся з Дзевы Марыі без дапамогі чалавека, то я кажу з упэўненасцю і без ваганняў, так, таму што я веру ў Бога, у Якога няма нічога немагчымага”, - заявіў іерарх на старонках “L’Osservatore Romano”.

Арцыбіскуп Мюлер лічыць, што часта ў людзей, якія адмаўляюць факт, што Хрыстус нарадзіўся з Дзевы Марыі, існуе комплекс: яны баяцца прызнаць, што Бог можа быць настолькі блізкі да людзей. Рэцэптам на гэты комплекс можа быць толькі любоў. Калі такі чалавек пазнае любоў Бога да яго, страхі і асцярогі знікаюць. Менавіта гэта, на думку прэфекта Кангрэгацыі Веравучэння, яшчэ адно з самых галоўных пасланняў кнігі Святога Айца.







All the contents on this site are copyrighted ©.