2013-01-18 13:09:43

“L’Osservatore Romano” аб жанчынах у гісторыі Касцёла


RealAudioMP3 ІІ Ватыканскі Сабор паспрыяў пашырэнню прысутнасці жанчын у апостальскім і інстытуцыянальным жыцці Касцёла. Акрамя таго, у самім Саборы ўпершыню прымалі ўдзел жанчыны-тэолагі. Яны прыбылі з Германіі – краіны, дзе раней за іншыя жанчынам было дазволена паступаць на тэалагічныя факультэты. Аб гэтым на старонках “L’Osservatore Romano” расказала Лючэта Скарафія, галоўны рэдактар “жаночага” дадатку да ватыканскай газеты. Паводле яе, працэс эмансіпацыі пачаўся яшчэ у ХІХ ст., дзякуючы шматлікім заснавальніцам жаночых кангрэгацыі апостальскага характару. У першую чаргу, у гэтым кантэксце варта ўзгадаць постаць сястры Тэрэзы Вердзэры, заснавальніцы адной з манаскіх кангрэгацый, якая дабілася ад папы Пія ІХ, каб паміма перашкодаў з боку іерархаў магла стаць генеральнай настаяцельніцай і выконваць кіраўнічыя функцыі ва ўласнай кангрэгацыі. Акрамя таго, менавіта законніцамі былі першыя жанчыны, якія атрымалі вышэйшую адукацыю у Італіі, на вярблюдах перасякалі Сахару і 27 разоў здзяйснялі падарожжа праз Антлантычны акіян. “Усе гэтыя рэчы, іх свецкім сучасніцам нават і не сніліся”, - адзначыла Лючэта Скарафія.

Нягледзячы на тое, што ўдзел жанчын у жыцці Касцёла і грамадства пастаянна пашыраецца, існуе неабходнасць, каб заставаліся сферы, недаступныя для іх, перакананая журналістка “L’Osservatore Romano”. Яна заўважыла, што, напрыклад, немагчымасць для жанчын атрымаць святарскае пасвячэнне з’яўляецца моцнай перашкодай для нездаровай нейтральнасці грамадства – якая праяўляецца ў сціранні адметнасцяў паміж мужчынскім і жаночым. “У гэтай забароне Касцёла можна ўбачыць прароцкае заданне: выбавіць чалавецтва ад яго самаго, ад цяжкай памылкі, звязанай са знішчэннем чалавечых адметнасцяў, што імкнецца зрабіць мужчын і жанчын цалкам узаемазамяняльнымі”, - адзначаецца ў ватыканскай газеце.








All the contents on this site are copyrighted ©.