2013-01-18 11:36:10

Кардынал Кох: пагадзіцца адносна мэты экуменічнага падарожжа


RealAudioMP3 На вялікае экуменічнае значэнне ІІ Ватыканскага Сабору звянуў увагу кардынал Курт Кох, старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству. У сваім артыкуле на старонках “L’Osservatore Romano” з нагоды пачатку Тыдня малітвы за адзінства хрысціян, іерарх падкрэсліў, што тэма экуменізма была для Сабора не другаснай, а адной з цэнтральных. Ён нагадаў пазіцыю Паўла VI, які лічыў экуменізм лейтматывам Сабора. “Папа падкрэсліваў, што экуменічнае збліжэнне паміж хрысціянамі і падзеленымі Цэрквамі з’яўляецца адной з галоўных мэтаў, больш за тое – духоўнай драмай, з прычыны якой Сабор быў скліканы”, - напісаў кардынал Кох. Гаворачы пра фундаменты экуменізму, іерарх адзначыў важнае значэнне ўзаемнага прызнання хросту. Але адначасова ён звярнуў увагу на невырашанае галоўнае пытанне экуменічнага дыялогу – аб адносінах паміж Паўсюдным Касцёлам і асобнымі Цэрквамі і касцёльнымі супольнасцямі. “Неабходнасць такога эклезіялагічнага высвятлення пакуль не прывяло да задавальняючай экуменічнай згоды, але наадварот, зрабіла глыбокую праблему яшчэ больш відавочнай”, - адзначыў кардынал Кох. “Паколькі розныя эклезіялогіі маюць рознае разуменне экуменізму, сапраўдная дылема сучаснай экуменічнай сітуацыі заключаецца ў тым, што мы яшчэ не пагадзіліся адносна значэння самаго экуменізма і яго мэты”, - падкрэсліў іерарх. Гэта, на яго погляд, “уяўляе сабой вялікі выклік”, таму што, ідучы не акрэсліўшы супольнага шляху, можна не набліжацца, але, наадварот – “аддаляцца яшчэ больш, адно ад аднаго”. “Каб не дапусціць гэтага, сёння тэрмінова неабходна па-новаму, у святле веры, пачаць разважанне аб накірунках, якія павінна мець экуменічнае падарожжа”, - лічыць кардынал Кох.

Іерарх папярэдзіў, што такое разважанне можа стаць больш складаным у кантэксце плюралістычнага і рэлятывісцкага духу пост-мадэрнісцкай эпохі, “які распаўсюдзіўся таксама і ў хрысціянстве”. На яго думку, пошук адзінства павінен працягвацца нягледзячы на дамінуючую культуру, таму што еднасць – гэта “фундаментальная катэгорыя хрысціянскай веры”.








All the contents on this site are copyrighted ©.