2013-01-18 16:15:41

Бэнэдыкт XVI: Бога можна паказаць свету толькі ў адзінстве


RealAudioMP3 18 студзеня пачаўся Тыдзень малітваў за адзінства хрысціян. Тэма экуменічнага дыялога стала адной з прыярытэтных для Бэнэдыкта XVI ад самага пачатку яго пантыфікату. Папа шмат разоў і ў розных абставінах выражаў сваё пажаданне, каб хрысціяне вярнуліся да той еднасці, аб якой прасіў Езус. Паводле Святога Айца, адзінства паміж вызнаўцамі Хрыста, было ўстаноўлена самім Панам падчас Апошняй вячэры, а разбурана незадоўга перад Яго ўкрыжаванем – у перыяд паміж малітвай у Гефсіманскім садзе і Кальварыяй, калі вучні спужаліся, разгубіліся і пачалі разбягацца. У студзені 2011 г., гаворачы аб першых хрысціянскіх супольнасцях, Бэнэдыкт XVI падкрэсліваў, што ўжо св. Павел адзначаў існаванне падзелаў. “Апостал ведаў, што ў хрысціянскай супольнасці Карынфа былі схаваныя нязгоды і падзелы; таму, з вялікай перакананасцю казаў: “Хіба паздзяліўся Хрыстус?”. Кажучы так, ён сцвярджаў, што кожны падзел у Касцёле, гэта ўдар па Хрысту; і, у той жа час, заўсёды ў Ім, адзіным Галаве і Пану, мы можам зноў стаць паяднанымі, праз Яго невычэрпную ласку”, - казаў Папа.

Паводле Святога Айца, спакуса падзелаў з’яўляецца вельмі старажытнай і яна нагадвае “чорны экран”, які перашкаджае чалавецтву ўбачыць цалкам прысутнасць Бога. “Свет пакутуе ад адсутнасці Бога, ад недаступнасці Бога. Ён мае жаданне ведаць Яго аблічча. Але як могуць сучасныя людзі, убачыць гэта аблічча Бога ў абліччы Езуса Хрыста, калі мы, хрысціяне, падзеленыя, калі адзін вучыць супраць іншага, калі адзін выступае супраць другога? Толькі ў адзінстве мы можам па-сапраўднаму паказаць гэтаму свету, тое, у чым ён мае патрэбу – аблічча Бога, аблічча Хрыста”, - казаў Бэнэдыкт XVI падчас агульнай аўдыенцыі 23 студзеня 2008 г.

Паводле Святога Айца, цудоўным сведчаннем адзінства паміж хрысціянамі з’яўляецца супольная малітва і сведчанне любові ў канкрэтных учынках на карысць патрабуючых.








All the contents on this site are copyrighted ©.