2013-01-17 15:45:50

Святы Пасад выдасць даведнік па св. Імшы


RealAudioMP3 Прэфект Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў кардынал Антоніа Канісарэс Лавэра паведаміў 16 студзеня, што яго дыкастэрыя яшчэ ў гэтым годзе выдасць спецыяльны даведнік, які дапаможа святарам адпаведным чынам цэлебраваць св. Імшу, а вернікам лепш у ёй удзельнічаць. “Аднаўленне літургіі павінна ажыццяўляцца паслядоўна, не парываючы з традыцыяй”, - цытуе словы іерарха агенцтва “Zenit”. Паводле яго, разрыў з традыцыяй можа адбывацца як праз інавацыі, так і праз застой. Ён нагадаў, што мэта літургіі – праз адданне хвалы Богу несці збаўленне людзям. Кардынал звярнуў увагу на важнасць момантаў маўчання падчас набажэнстваў, калі кожны іх удзельнік можа весці асабісты дыялог з Езусам.

Кардынал Канісарэс перасцярог ад увядзення ў літургію некаторых новых спеваў, якія могуць ператварыць яе ў спектакль, і такім чынам перашкодзіць вернікам у засяроджанні на таямніцы. Кіраўніку ватыканскай дыкастэрыі не падабаецца размяшчэнне Найсвяцейшага Сакрамэнту ў бакавой капліцы некаторых касцёлаў. У такіх выпадках Хрыстус, прысутны пад постаццю хлеба, перастае займаць належнае Яму месца, што не спрыяе добрай падрыхтоўцы вернікаў да літургіі, перакананы прэфект Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.