Бэнэдыкт XVI сустрэўся з экуменічнай дэлегацыяй з Фінляндыі
17 студзеня Бэнэдыкт
XVI прыняў на аўдыенцыі экуменічную дэлегацыю з Фінляндыі, якая прыбыла ў Рым з нагоды
свята св. Генрыха, апекуна гэтай краіны. Святы Айцец падкрэсліў сімвалізм сустрэчы,
якая праходзіць напярэдадні Тыдня малітваў за адзінства хрысціян. Пантыфік нагадаў,
што яго дэвізам сёлета абраны словы, натхнёныя ўрыўкам з кнігі прарока Міхея: “Тое,
чаго Пан чакае ад нас”. “Прарок ясна вызначыў, чаго Ён чакае ад нас: дзейнічаць справядліва,
любіць справы міласэрнасці і хадзіць у пакоры перад Богам”, - сказаў Пантыфік. “З
пакорай ісці перад Богам, у паслухмянасці Яго збаўчым словам і з верай у яго добры
план – усё гэта красамоўна сведчыць не толькі аб жыцці верай, але таксама і аб нашым
экуменічным падарожжы на шляху да поўнага і бачнага адзінства паміж хрысціянамі. На
гэтым шляху вучняў, мы пакліканы супольна ісці наперад па вузкай дарозе вернасці Божай
волі, для таго, каб нягледзячы на цяжкасці і перашкоды, мы нарэшце сустрэліся”, -
сказаў Папа.
Бэнэдыкт XVI адзначыў, што дасягненні на экуменічным шляху патрабуюць
большай еднасці ў малітве, святасці, глыбокіх тэалагічных даследванняў і супрацоўніцтва
на карысць справядлівага і братэрскага грамадства. Пантыфік выказаў спадзяванне, што
візіт экуменічнай дэлегацыі Фінляндыі ў Рым паспрыяе ўмацаванню экуменічных адносін
у гэтай краіне. Ён заклікаў дзякаваць Богу за тое, што было дасягнута ў гэтай сферы
і маліцца, каб Дух праўды вёў паслядоўнікаў Хрыста да яшчэ большай любові і адзінства,
каб яны імкнуліся да жыцця Евангеллем і пралівалі святло на маральныя праблемы, якія
стаяць перад іх грамадствамі.