2013-01-16 11:39:12

Бэнэдыкт XVI: Эўхарыстыя дапамагае ўбачыць аблічча Бога


RealAudioMP3 У Эўхарыстыі можна навучыцца бачыць сапраўднае аблічча Бога і ўваходзіць у адносіны з Ім, - заўважыў Бэнэдыкт XVI. Пантыфік правёў 16 студзеня ў Ватыкане агульную аўдыенцыю. У сваёй катэхезе ён распавёў пра аблічча Бога, якое ўпоўні адкрылася людзям у нараджэнні Хрыста. Бог, на працягу гісторыі ізраільскага народа, шмат разоў аб’яўляўся праз пасярэднікаў: Майсея, прарокаў і суддзяў. Яны перадавалі народу Божую волю, нагадвалі аб неабходнасці захоўваць вернасць запавету і падтрымлівалі ў чаканні канчатковага спаўнення Боскіх абяцанняў. Паводле Папы, рэалізацыя гэтых абяцанняў наступіла з Божым Нараджэннем, у якім “аб’яўленне Бога дасягнула сваёй кульмінацыі, сваёй поўні”. Пантыфік адзначыў, што Езус не проста заключыў у словы інфармацыю аб Богу, але паказаў яго сапраўднае аблічча. Святы Айцец заўважыў, што тэма “пошуку Божага аблічча” шырока прадстаўлена ў Старым Запавеце. Паводле яго, слова “аблічча” тут ужываецца каля 400 разоў, і каля 100 разоў адносіцца непасрэдна да Бога. Адначасова Папа нагадаў, што ў юдэйскай рэлігіі былі забаронены выявы Бога, каб пазбегнуць таго, што адбывалася з суседнімі народамі, сярод якіх было распаўсюджана ідалапаклонства.

“Што азначаў тады для пабожнага ізраільцяніна пошук Божага аблічча, улічваючы тое, што не можа быць ніякіх Яго выяваў? Гэта пытанне важнае: з аднаго боку, яно азначае, што Бога нельга абмежаваць нейкай рэччу, напрыклад простай выявай, ці паставіць нешта на месца Бога; а з іншага, яно пацвярджае, што Бог мае сваё аблічча, гэта значыць, што з’яўляецца Асобай, якая можа ўвайсці ў адносіны, а не закрытая на нябёсах, гледзячы з вышыні на чалавецтва. Канешне, Бог вышэй за кожную рэч, але Ён звяртаецца да нас, слухае, бачыць, прамаўляе, заключае запавет і мае здольнасць любіць”, - сказаў Папа.

Бэнэдыкт XVI нагадаў, што ў Старым Запавеце Бог, размаўляючы з Майсеем, казаў пра тое, што Яго аблічча чалавек убачыць не можа, але “з Уцелаўленнем наступіла нешта цалкам іншае”. Цяпер, як звярнуў увагу Папа, Божае аблічча можна ўбачыць: гэта Езус, Сын Божы, які стаў чалавекам. Пантыфік нагадаў словы св. Бернарда аб тым, што “хрысціянства – гэта рэлігія Божага Слова”; аднак, слова не напісанага або мёртвага, але Слова ўцелаўлёнага і жывога”.

“Усё наша існаванне павінна быць скіравана на сустрэчу з Ім, на любоў да Яго; у нашым жыцці цэнтральнае месца павінны заняць любоў да бліжняга, тая любоў, якая ў святле Укрыжавання дае магчымасць убачыць аблічча Езуса ў бедным, слабым і пакутуючым. Гэта магчыма толькі, калі аблічча Езуса стане нам блізкім праз слуханне Яго Слова і перш за ўсё таямніцу Эўхарыстыі”, - сказаў Папа.

Бэнэдыкт XVI падкрэсліў, што Эўхарыстыя для вернікаў з’яўляецца “вялікая школай, у якой можна вучыцца бачыць аблічча Бога, уваходзіць у адносіны з Ім, і, у той жа час, скіроўваць на Яго позірк у канчатковы момант гісторыі, калі Ён дасць нам радасць убачыць святло свайго аблічча”.








All the contents on this site are copyrighted ©.