Бэнэдыкт ХVI падзякаваў ватыканскім жандармам і пажарнікам за іх службу
11 студзеня Бэнэдыкт
ХVI сустрэўся з афіцэрамі ватыканскай жандармерыі і пажарнай службы. Святы Айцец адзначыў
іх прафесіяналізм, з якім нясуць сваю службу. Пантыфік нагадаў, што служба кожнага
жандарма патрабуе шмат ветлівасці і сардэчнасці, з якімі ён павінен прымаць пілігрымаў
і турыстаў, што прыбываюць у Рым і Ватыкан. “Гэта праца нагляду і кантролю, якую вы
выконваеце са стараннасцю і руплівасцю, з’яўляецца , безумоўна, значнай і далікатнай:
яна патрабуе шмат цярпення, настойлівасці і гатоўнасці слухаць іншых”, - заўважыў
Папа і дадаў, што дзякуючы ёй у Ватыкане могуць спакойна і бяспечна адбывацца ўсе
мерапрыемствы. Пантыфік пажадаў прадстаўнікам жандармерыі і пажарнай службы, каб
іх адмысловае служэнне ў сэрцы хрысціянства, куды штодня безупынна прыбываюць натоўпы
вернікаў на сустрэчу з Наступнікам св. Пятра, спрыяла ўмацаванню духоўнага вымярэння
іх жыцця і паглыбленню веры. Святы Айцец заклікаў афіцэраў адважна сведчыць сваю веру
ў любым асяроддзі. “У гэтым дапамогай вам павінен стаць Год веры, які мы цяпер адзначаем:
гэта прывілеяваная нагода, каб адкрыць, колькі радасці ўтрымлівае вера, і абвяшчаць
іншым пра тое, што сустрэча з Богам рэалізуе найбольш глыбокія памкненні чалавека
да міру, братэрства і любові”, - сказаў на заканчэнне Папа.