2013-01-11 10:10:51

Ватыканскі кардынал: паэзія дапамагала Яну Паўлу ІІ дастукацца да людзей


RealAudioMP3 Адзін з бліжэйшых супрацоўнікаў Яна Паўла II, кардынал Джавані Батыста Рэ, падзяліўся малавядомай гісторыяй святарскага паклікання благаслаўлёнага Папы. Кардынал Рэ, былы прэфект Кангрэгацыі па справах Біскупаў, прыняў удзел у прэзентацыі рэцыталу “Папа і паэт”, натхнёнага постацю і творчасцю Яна Паўла ІІ. Мерапрыемства прайшло ў Рыме 10 студзеня. Іерарх паведаміў журналістам, што ў 1939 г. малады Караль Вайтыла быў вымушаны сысці з каледжа і працаваць у шахце, каб пражыць і не быць дэпартаваным у Германію. Там ён працаваў з шахцёрам, які аднойчы сказаў: “Я думаю, што ты станеш вялікім святаром”. Ян Павел II прызнаваўся пасля, што да гэтага моманту ён ніколі не задумваўся аб святарстве.

Падчас свайго выступлення кардынал Рэ падкрэсліў ролю Вайтылы, як маладога філосафа, тэолага, містыка, але асаблівым чынам як паэта і акцёра. “Паэзія – гэта цікавы элемент, які паўплываў пазней на яго служэнне на Пасадзе св. Пятра: многія пытанні, адлюстраваныя з дапамогай паэтычнага мастацтва, дапамаглі Яну Паўлу ІІ дастукацца да людзей, гаварыць з масамі, прыцягнуць да сябе ўвагу”, - перакананы кардынал.

Іерарх нагадаў, што паэзія Вайтылы ўздымала тэмы правоў чалавека, годнасці мужчыны і жанчыны, братэрства і салідарнасці. “Яго вершы заўсёды ўзвышалі чалавека і ўздымалі душы да Бога”, - дадаў ён.

Што тычыцца магчымай кананізацыі бл. Яна Паўла ІІ, кардынал адзначыў, што зарэгістравана шмат цудаў, якія прыпісваюцца Пантыфіку, і гэта дазваляе спадзявацца на яго хуткую кананізацыю.







All the contents on this site are copyrighted ©.