Ужо больш за 63 тыс.
валанцёраў выказала гатоўнасць дапамагаць у арганізацыі і правядзенні Сусветных дзён
моладзі ў бразільскім Рыа-дэ-Жанейра. Аб гэтым у інтэрв’ю сённяшняй “L’Osservatore
Romano” паведаміў арцыбіскуп Хоао Арані Тэмпеста, які ўзначальвае мясцовы арганізацыйны
камітэт па правядзенні форуму. Іерарх адзначыў, што маладыя людзі, якія прыбудуць
з усяго свету, будуць размешчаны ў гатэлях, дамах, а таксама касцёлах, школах, спартыўных
залах, клубах і іншых адпаведных месцах. Па яго словах, жыхары Рыа сур’ёзна прынялі
адказнасць, якая стаіць перад імі. “Натуральна, што ў вялікім горадзе людзі баяцца
запрасіць да сябе тых, каго не ведаюць”, - заўважыў арцыбіскуп. Але пілігрымы – гэта
не чужыя людзі. Яны – браты па веры, дадаў іерарх. На яго думку, многія ў Рыа-дэ-Жанейра
гэта зразумелі і адкрылі свае сэрцы.
Гаворачы аб працы валанцёраў, арцыбіскуп
заявіў, што ўжо зараз больш за 3,5 тыс. з іх прымае ўдзел у арганізацыі сустрэчы,
як з Бразіліі, так і з-за мяжы. Некаторыя дапамагаюць праз інтэрнэт, яны паходзяць
з амаль кожнай краіны свету, а некаторыя супрацоўнічаюць непасрэдна з арганізацыйным
камітэтам на месцы. Апошнія прыбылі галоўным чынам з Германіі, Аргенціны, Аўстраліі,
Іспаніі, Францыі, Польшчы і Партугаліі.
Арцыбіскуп Тэмпеста прызнаўся, што
ў арганізацыі форуму прымаюць актыўны ўдзел таксама федэральныя і муніцыпальныя органы
ўлады. Іерарх заявіў, што моладзь прымуць 264 парафіі Рыа, якія стануць “ядром” сустрэч
пілігрымаў, падзеленых на моўныя групы. Ужо вырашана канчаткова, што св. Імша на адкрыццё
сустрэчы, цырымонія прывітання ўдзельнікаў і Крыжовы шлях пройдуць у мікрараёне Копакабана,
а начнове чуванне і заключная св. Імша, у Гуараціба.